Беларусы сталі больш прадаваць валюты чым купляць
У Беларусі ў студзені насельніцтва прадало замежнай валюты больш, чым купіла. Чысты продаж наяўнай і безнаяўнай валюты фізічнымі асобамі за месяц склаў 74,5 млн долараў. Насельніцтва купіла 713,1 млн долараў і прадало 787,6 млн. Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацбанка.
Наяўнай валюты фізічныя асобы прадалі ў студзені 710,8 млн долараў, купілі — 611,8 млн (чысты продаж — 99 млн).
Безнаяўнай валюты насельніцтва прадало 76,8 млн і купіла 101,2 млн долараў (чыстая купля — 24,4 млн долараў).
Як паведамляў Тэлеграф, за 2013 год беларусы купілі замежнай валюты на 10,67 млрд долараў у эквіваленце, у тым ліку наяўнай валюты — на 9,19 млрд долараў, а прадалі — на 8,29 млрд долараў, гэта значыць купілі на чыстай аснове валюты на 2,38 млрд долараў. За снежань чыстая купля насельніцтвам валюты склала амаль 500 млн долараў.
У 2014 годзе Нацбанк і ўрад маюць намер забяспечваць захаванне золатавалютных рэзерваў з улікам неабходнасці ажыццяўлення выплат па даўгах краіны.
У 2014 годзе Нацбанк будзе захоўваць жорсткую манетарную палітыку, праводзіць зніжэнне працэнтных ставак паступова, забяспечваючы прывабнасць і захаванасць зберажэнняў у рублях.