Белтэлерадыёкампанія сышла пад Газпрам?
Белтэлерадыёкампанія аддала свае рэкламныя продажы найбуйнейшаму медыясэлеру СНД ТАА «Алькасар Медыя Сэрвіс» — афіляванай структуры Газпрама.
Белтэлерадыёкампанія падпісала з «Алькасар Медыя Сэрвіс» дамову, згодна з якой з 1 студзеня 2014 г. гэтая расійская кампанія будзе ўпаўнаважаная ажыццяўляць угоды на аказанне
паслуг па размяшчэнні рэкламы ў эфіры тэлеканалаў Беларускага тэлебачання. Дамову падпісалі 26 верасня 2013 года.
Варта адзначыць, што «Алькасар Медыя Сэрвіс» — гэта афіляваная
структура Газпрама, які апошнім часам вельмі актыўна пускае карані ў Беларусі.
У 2007 годзе холдынг «Газпрам-медыя» прыступіў да стварэння на базе «НТВ-медыя» новай структуры, якая павінная была скласці канкурэнцыю на расійскім рынку
групе кампаній «Відэа Інтэрнэшнл» — самаму буйному прадаўцу рэкламы
на расійскіх медыйных пляцоўках.
У выніку кампаніі «НТВ-медыя» і «Алькасар» стварылі новага буйнога медыясэлера — сумеснае прадпрыемства «Алькасар-медыя», якое тут жа пачало перадзел расійскага рынка
рэкламы. Сёння кампанія ў кансорцыуме з «Газпрам Медыя Холдынг» ажыццяўляе продаж рэкламы на каналах НТВ і ТНТ, забяспечвае рэкламны эфір каналаў «ТБ-Цэнтр»,
«Звязда», «Мір», а таксама групы тэлеканалаў для спадарожнікавага і кабельнага вяшчання, якія належаць Red Media Group і тэлекампаніі «Стрым».
Падраздзяленне, якое займаецца інтэрнэт-продажамі, рэалізуе рэкламны трафік больш чым трыццаці сайтаў: інтэрнэт-сэрвісаў карпарацыі Microsoft і пляцовак з пула кампаніі Gazprom - Media Digital.
У 2008 годзе група «Алькасар» выйшла на рэкламны рынак краін СНД, а цяпер — і на беларускі рынак. Рэакцыі мясцовых медыясэлераў на прыход новага гульца пакуль няма. Але ім сапраўды
трэба турбавацца, улічваючы, што Газпрам прыходзіць у Беларусь сур'ёзна і надоўга. Цалкам верагодна, што, пачаўшы з адной з найбуйнейшых рэкламных пляцовак, «Алькасар Медыя
Сэрвіс» вельмі хутка падбярэ пад сябе і ўсе астатнія. Пры гэтым, улічваючы расійскія абароты кампаніі, канкурэнцыю яму на беларускім рынку змогуць скласці вельмі і вельмі нямногія.
ej.by