Брэсцкі завод «Газаапарат» прыпыніў працу: затаваранасць складоў
Работнікаў на тыдзень адправілі ў вымушаныя адпачынкі. Сярэдні рабочы за гэты месяц атрымае 6 мільёнаў, а не 8, як звычайна. Прычына: газавыя пліты больш няма куды складаць.
Гэтым прадпрыемствам валодае расійскі «Газпрам». Яно было адным з самых паспяховых у Брэсце. Трапіць туды на працу было няпроста. Аднак праблемы са збытам, што затармазілі беларускую прамысловасць, з’явіліся і на ім. Праблемы «Газаапарата» тыя самыя, што і ў МАЗа. З ростам узроўню жыцця ў Расіі спажывец там пераходзіць на больш якасную прадукцыю заходніх марак.
Самі работнікі прызнаюць, што канкурэнтаздольнасць іх прадукцыі падае. «Мая дачка купіла сабе ў Польшчы кітайскі «Электралюкс». Там жарачная шафа лепшая, а каштаваў ён ёй у два разы танней», — сказаў «Нашай Ніве» Пятро П.
Самая кепская сітуацыя ў Берасці — на дывановым камбінаце. Там залежы дываноў даўно і стабільна перавышаюць усе нарматывы і ніхто не ведае, як наладзіць збыт.