«Чакаю, што Лукашэнка збяжыць з Беларусі». Прагнозы эканамістаў на 2021-шы

UDF.BY пацікавіўся ў вядомых эканамістаў: якім, на іх погляд, атрымаўся 2020 год для Беларусі? І якім будзе 2021?

ekonomika_1.jpg

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у каментары UDF.BY адзначыў, што ў цэлым пазітыўна ацэньвае 2020 год.
«Калі глабальна глядзець на сітуацыю ў краіне, то мінулы год атрымаўся цудоўным. Наша насельніцтва сфарміравалася ў нацыю, народ пачаў уплываць на сітуацыю ў краіне. Я шмат чую, што 2020 год — дрэнны, цяжкі год, але, на мой погляд, у гэты перыяд адбылося станаўленне беларускай нацыі. Яе вызначэнне як еўрапейскай. І гэта самае галоўнае», — сказаў Багданкевіч.
Але, вядома, у мінулым годзе ён бачыць і шмат мінусаў.
«Вядома, гэта каронавірус — велізарная праблема для ўсяго чалавецтва, для нашай краіны, у тым ліку і для маёй сям'і. Рэцэсія і застой у эканоміцы. Працяг дыктатуры, узмацненне рэпрэсіўнага складнікм. Працяг ілжывасці ўлады. Як скажуць што — дык хоць стой, хоць падай. Кажуць, палякі захопяць Гродзенскую вобласць. Слухайце, з-за атамнай зброі амаль ніхто ні на каго ўжо гадоў 70 не нападае — акрамя як па дробязі нешта робіць Расія», — адзначыў Багданкевіч.
Але былы кіраўнік Нацбанка падкрэсліў:
«Пры ўсіх гэтых мінусах для мяне на старасці гадоў галоўнае, што сфармавалася беларуская нацыя».
Якім ён бачыць наступны год для Беларусі?
«Чакаю змену рэжыму. Што ён стане менш аўтарытарным і больш дэмакратычным. Чакаю, што Лукашэнка збяжыць з Беларусі, але не чакаю, што імгненна ўсё зменіцца да лепшага. Прыхільнікі Лукашэнкі могуць захавацца ва ўладзе. У эканоміцы чакаецца стагнацыя. Нават калі рэжым зменіцца, то спатрэбіцца некалькі гадоў, каб забяспечыць нармальныя тэмпы росту — яны для Беларусі павінны складаць больш за 5% у год. Таму што мы знаходзімся ў канцы спісу еўрапейскіх краін па ўзроўні жыцця. Трэба наганяць краіны Балтыі і Польшчу», — сказаў Багданкевіч.

«Ад мадэлі Савок / Дзяржплан перайшлі да АМАПэканомікі»


Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук у каментары UDF.BY адзначыў, што сітуацыю ў Беларусі ў мінулым годзе ў асноўным вызначылі два фактары.
«Каронавірус быў ударам па дзяржаўнай сістэме аховы здароўя. Ён таксама выявіў усю некампетэнтнасць Міністэрства аховы здароўя і дзяржапарату. У выніку гэта абярнулася не толькі вялікай кольскасцю чалавечых ахвяр, але і вялікай колькасцю ахвяр у бізнесе», — сказаў Раманчук.
Другім асноўным фактарам сталі палітычныя памылкі кіраўніцтва краіны на чале з Лукашэнкам.
«У 2020 годзе кіраўніцтва Беларусі сеяла разбурэнне, ініцыявала прававы дэфолт, знішчыла рэпутацыю краіны. Ад мадэлі Савок / Дзяржплан перайшлі да АМАПэконамікі, калі ўсе выгады атрымліваюць тыя, хто бліжэй да цела, хто выкарыстоўвае супраць канкурэнтаў сувязі з наменклатурай і сілавікамі», — адзначыў Раманчук.
Якім эканаміст бачыць наступны год для Беларусі?
«Калі нічога не зменіцца, будзе падзенне эканомікі, будзе дэвальвацыя рубля, будзе рост беднасці. Але я спадзяюся, што 2021 год стане годам свабоды, годам вызвалення ад тых таксінаў і ядаў, абломкаў сістэмы Савок / Дзяржплан, якая душыла нас 26 гадоў.
Спадзяюся, што 2021-ы можна будзе параўнаць з перыядам 1989-1991 гадоў, што берлінская сцяна ў рэшце рэшт разваліцца і ў нашай краіне, што пачнецца будаўніцтва новай Беларусі», — сказаў Раманчук.