Чаму долар працягвае таннець і што з ім будзе далей?

За два месяцы беларускі рубель падняўся адносна долара на 3,54%. Радыё Свабода рзбіраецца, адкуль гэтая тэндэнцыя і што будзе далей.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


2,43 рубля за долар — такі афіцыйны курс паводле Нацбанка на 1 лістапада. 1 верасня гэтага года долар каштаваў 2,5 рубля.

Чаму рубель умацоўваецца

Асноўны фактар умацавання беларускага рубля — рост экспарту. Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
«З пачатку года вырас экспарт. Павялічыўся ён найперш праз рост сусветных цэнаў. Даражэюць прадукты, даражэюць угнаенні, падаражэла драўніна. Павольна, але даражэе харчаванне, якое Беларусь пастаўляе ў Расію. Расце валютная выручка, і, адпаведна, расце чысты продаж валюты прадпрыемствамі. Гэта была тэндэнцыя першага паўгоддзя. Калі казаць пра апошнія тры месяцы (чэрвень, жнівень, верасень), актыўна расце чысты продаж валюты насельніцтвам», — кажа Вадзім Іосуб.
Продаж валюты людзьмі адбываецца праз зніжэнне даходаў. «Гэта стандартная рэакцыя для зніжэння даходаў», — кажа эксперт.

А што далей?

Эфект ад экспарту «ўжо зніжаецца», а ў канцы года могуць пачаць дзейнічаць сектаральныя санкцыі ЕС і санкцыі ЗША.
«Гэта можа прывесці да скарачэння экспарту і скарачэння прапановы валюты на ўнутраным рынку. Тады рубель спыніць умацаванне і, верагодна, пачне зніжацца. Аднак гэта не будзе рэзкая дэвальвацыя. Для рэзкай дэвальвацыі трэба дысбаланс: каб стала мала валюты, а ў прадпрыемстваў і людзей было шмат рублёў. Тады адбываецца дэвальвацыя», — кажа Вадзім Іосуб.

Усё ж ці магчымая дэвальвацыя?

Раней дэвальвацыі ў Беларусі бывалі тады, калі «праблемы ў эканоміцы актыўна залівалі рублямі і арганізоўвалі адміністратыўны рост даходаў». Папросту — калі ўключалі друкарскі станок.
«Не сакрэт, што ёсць ахвотныя ўключыць друкарскі станок. Калі да гэтай практыкі вырашаць вярнуцца — гэта будзе абвал. Мінімум — як у 2014 годзе, калі гэта быў абвал рубля на 30%, максимум — як у 2011, калі курс долара вырас утрая», — мяркуе Вадзім Іосуб.