Да канца года насельніцтва будзе аплачваць больш за 76% кошту паслуг ЖКГ

Да канца года тарыфы, па якіх насельніцтва аплачвае жыллёва-камунальныя паслугі, будуць пакрываць 76,3% іх кошту. Такія дадзеныя прыводзяцца ў апошнім нумары "Экономического бюллетеня", які выдаецца інстытутам Мінэканомікі.

media-polesye.by

media-polesye.by

У бюлетэні, які прысвечаны вынікам працы эканомікі ў першай палове 2018 года, прыводзяцца дадзеныя пра палітыку дзяржавы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, піша belapan.by.
"Паводле дадзеных Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), у выніку росту тарыфаў, а таксама мер, што прымаюцца па зніжэнні выдаткаў, да канца 2018 года ўзровень пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг дасягне 76,3%", — адзначаюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.
У 2017 годзе, нагадваюць яны, гэты паказчык складаў 69,7%.
"Пры гэтым па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абслугоўванне камунальных адходаў) плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё", — адзначаюць аўтары.
Ва ўмовах паэтапнага росту тарыфаў на паслугі ЖКГ, нагадваюць яны, дзяржава выдае безнаяўныя жыллёвыя субсідыі маламаёмасным слаям насельніцтва.
"Так, калі за ўвесь 2017 год, паводле дадзеных ведамаснай статыстыкі Мінжылкамгаса, безнаяўныя жыллёвыя субсідыі атрымалі 14 950 сем'яў на суму 744,3 тыс. рублёў (у тым ліку па выяўляльным прынцыпе — 11 645 сем'яў), то толькі за пяць месяцаў гэтага года яны былі выдзелены больш чым 24 тыс. сем'яў на суму 605,7 тыс. рублёў (з іх па выяўляльным прынцыпе — 22,9 тыс. сем'яў на суму 533,5 тыс. рублёў)", — гаворыцца ў бюлетэні.
У чэрвені гэтага года быў падпісаны прэзідэнцкі ўказ, які пашырае катэгорыі грамадзян, што маюць права на атрыманне безнаяўных жыллёвых субсідый. Нароўні з пенсіянерамі, якія не працуюць, паўналетнімі інвалідамі, якія не працуюць, безнаяўныя субсідыі будуць выдзяляцца сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, а таксама асобам, якія атрымліваюць дапамогу па доглядзе інвалідаў першай групы, і асобам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.


Рэфармаваць сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ўладам рэкамендавалі крэдыторы. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі (МВФ, ЕФСР) лічаць, што эканамічна актыўнае насельніцтва павінна цалкам аплачваць кошт жыллёва-камунальных паслуг, а маламаёмасным слаям насельніцтва дзяржаве варта выдзяляць адрасныя субсідыі.