Дармаеды сёлета не будуць аплачваць ацяпленне і газ па поўных тарыфах

Беларусы, якія трапілі ў дармаедскую базу, будуць аплачваць газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па поўных тарыфах не з 1 кастрычніка гэтага года, як планаваліся раней, а з 1 траўня 2020 года. Змены прадугледжаныя пастановай Саўміна № 682 ад 7 кастрычніка. 

Фота Аляксандры Квіткевіч

Фота Аляксандры Квіткевіч

Саўмін прыняў такое рашэнне «для недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за паказаныя паслугі грамадзянам». Ва ўрадзе адзначаюць, што інфармацыю для базы не занятых у эканоміцы збіраюць амаль з 50 крыніц.
«У сувязі з гэтым неабходна забяспечыць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па актуалізацыі звестак, якiя ўтрымлiваюцца ў ведамасных інфармацыйных рэсурсах, — тлумачаць у Саўміне. — Сёння выяўлена патрэба ў дапрацоўцы сістэмы ўліку спажыўцоў газу, а менавіта: правядзенне арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, якія забяспечваюць аператыўны абмен інфармацыяй. Дапрацоўка ведамасных інфармацыйных рэсурсаў у частцы паляпшэння якасці змешчанай у іх інфармацыі патрабуе дадатковага часу».
Беларусы, якіх улады аднеслі да незанятых у эканоміцы, павінны былі ўжо з кастрычніка плаціць за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Са студзеня гэтага года ўтрыманцы па поўных тарыфах аплачваюць гарачае водазабеспячэнне.
Улады раней прагназавалі, што «дармаедскія» жыроўкі атрымаюць 54 тысячы чалавек. Іх дасылаюць тым, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтву, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры. Пры гэтым у некаторых раёнах рахункі па поўных тарыфах за падагрэў вады ніхто з уключаных у базу не атрымаў, сярод іх — Браслаўскі, Лёзненскі, Маларыцкі (дадзеныя на красавік гэтага года).
Нагадаем, пасля запуску базы не занятых у эканоміцы выявілася шмат памылак, пачаліся званкі ад людзей, якія трапілі ў базу выпадкова, сярод іх — і працаўладкаваныя, і пенсіянеры. Як паведамляла выданне mlyn.by, таксама сустракаліся гісторыі, калі чалавек даўно з'ехаў за мяжу або яго ўжо няма ў жывых, а ў базу дармаедаў ён усё роўна патрапіў. У базу ўключылі дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула ў цісканіне на Нямізе.

А колькі чалавек у дармаедскай базе?

У Беларусі налічылі каля паўмільёна не занятых у эканоміцы, паведаміла ў пачатку снежня мінулага года міністр працы Ірына Касцевіч. Адкуль знайшлі столькі ўтрыманцаў і хто патрапіў у гэтую базу, міністр не ўдакладняла. «Больш дэталёвую інфармацыю ў разрэзе абласцей і рэгіёнаў мы атрымаем пазней», — адзначала Ірына Касцевіч. Пры гэтым раней у ведамстве прагназавалі лік не занятых у эканоміцы ўдвая меншы — каля 250 тысяч. Чыноўнікі абяцалі «пачысціць» базу, выключыць тых, хто трапіў памылкова і хто пацвердзіць занятасць. Да канца лютага іх колькасць скарацілася, па дадзеных Мінпрацы, да «крыху больш за 425 тысяч чалавек».
— За мінулы перыяд з базы выключаныя 86 тысяч чалавек. Зараз у ёй застаецца крыху больш за 425 тысяч грамадзян, — распавядаў у лютым гэтага года намеснік міністра працы Валерый Кавалькоў. Паводле яго слоў, у ведамстве прааналізавалі спісы не занятых у эканоміцы. Каля 110 тысяч грамадзян з пераліку, пачынаючы з 2003 года, ні разу не былі зарэгістраваныя ў базе індывідуальнага персаніфікаванага ўліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. А яшчэ 135 тысяч чалавек не працуюць больш за пяць гадоў.
Пры гэтым у Мінпрацы, агучваючы агульную колькасць дармаедаў, не тлумачылі, ці ўключаюць у іх лік бацькоў дзяцей да 7 гадоў і тых, у каго ёсць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя ўчасткі. Калі з улікам гэтых катэгорый, то атрымліваюцца адны лічбы, а калі без уліку, то меншыя.
Больш актуальныя дадзеныя па ліку не занятых у эканоміцы ў Мінпрацы адмаўляюцца прадаставіць.
tut.by