Даўгі і скарачэнне выпуску прадукцыі. Як жывуць беларускія прадпрыемствы-гіганты

На БелАЗе скарачаецца выпуск самазвалаў, у «Гомсельмаша» даўгі на 1,2 мільярда рублёў. «Радыё Свабода» паглядзела, што там з прамысловымі гігантамі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

БМЗ

Як вынікае са справаздачы на portal.gov.by, за 9 месяцаў мінулага года БМЗ атрымаў 34 тысячы рублёў прыбытку. Для прамысловага гіганта з даўгамі гэта зусім мала. Прыбытак жа ад продажу прадукцыі за 2020 год — мінус 27,1 мільёна рублёў. Па кароткатэрміновых крэдытах завод вінен аж 3,6 мільярда рублёў, і гэтыя даўгі заводу трэба пагасіць ужо сёлета. З такімі прыбыткамі, як летась, на гэта спатрэбяцца сотні тысяч гадоў.
Апроч кароткатэрміновых крэдытаў, завод мае доўгатэрміновыя — на 1,3 мільярда рублёў. За 9 месяцаў мінулага году ад сваёй дзейнасці завод атрымаў амаль 60 мільёнаў стратаў.

БелАЗ

Ужо 22 месяцы запар у Беларусі скарачаецца выпуск кар’ерных самазвалаў, гэта бачна па статыстыцы Белстату. За снежань завод выпусціў 35 самазвалаў, год таму за снежань — 40. Агулам за 2020 год БелАЗ вырабіў 363 самазвалы, а за 2019 год — 866. Падзенне ў 2,3 раза. Гатовай прадукцыі, то-бок самазвалаў на складах, хопіць на паўгода.
Даўгі БелАЗа (кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя) набліжаюцца да 700 мільёнаў рублёў. Чысты ж прыбытак за 3 квартал мінулага года — 15,9 мільёна.
Са студзеня па лістапад Беларусь прадала 376 самазвалаў на 699 мільёнаў долараў. Асноўныя пакупнікі — Расія, Індыя.

Гомсельмаш

У галоўнага вытворцы камбайнаў кароткатэрміновых крэдытаў на 670 мільёнаў рублёў, і гэта па інфармацыі на 31 сакавіка. Плюс яшчэ 1,2 мільярда даўгоў па доўгатэрміновых абавязаннях.
Чыстыя страты завода са студзеня па сакавік мінулага года — 260,4 мільёна рублёў. Свежую статыстыку прадпрыемства публікаваць не спяшаецца. У адкрытым доступе ёсць інфармацыя пра некалькі здзелак завода за гэты год. 7 траўня завод узяў іпатэку на 55,9 мільёна долараў пад заклад нерухомай маёмасці.
18 чэрвеня «Гомсельмаш» узяў 79 мільёнаў рублёў у Беларусбанку, 27 ліпеня ўзяў у тым жа Беларусбанку ў крэдыт яшчэ 30 мільёнаў.
Са студзеня па лістапад Беларусь прадала за мяжу 173 камбайны за 18 мільёнаў долараў. У 2019 годзе камбайнаў удалося прадаць у 1,3 раза болей.

МТЗ

Са студзеня па снежань у Беларусі вырабілі 39,5 тысячы трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі. Столькі ж вырабілі і годам раней. Прадаць за мяжу са студзеня па лістапад удалося 46 тысяч адзінак прадукцыі за 522 мільёны долараў. Годам раней на продажах зарабілі на 31 мільён долараў болей, а трактароў прадалі меней.
У МТЗ 816 мільёнаў даўгоў па кароткатэрміновых крэдытах і 554 мільёны па доўгатэрміновых. Чысты прыбытак са студзеня па верасень — 15,5 мільёна рублёў.