Для таго каб адкрыць у Мінску кафэ на 50 месцаў, патрэбен мільён долараў

Для таго каб адкрыць у Мінску кафэ прыблізна на 50 пасадачных месцаў, сёння спатрэбіцца мільён долараў ЗША. Такую лічбу назваў дырэктар сталічных рэстаранаў "Камянiца", "Беларуская карчма" і "Агінскі"  "Камянiца", "Беларуская карчма" і "Агінскі" Сяргей Чагрынец падчас круглага стала, які прайшоў 27 лютага ў Мінску.



749_kamyanica.jpg

У гэту суму, растлумачыў ён, уваходзіць долевае будаўніцтва аб'екта пад рэстаран ці кафэ і расходы на абсталяванне яго тэхналагічнай лініяй. "Пяцьдзесят працэнтаў плошчаў любога рэстарана займае не гандлёвая зала, а памяшканні, неабходныя для падрыхтоўкі. Для таго каб выконваць усе рэжымы захоўвання, аб'ект павінен мець восем халадзільных агрэгатаў з рознымі тэмпературнымі рэжымамі", — расказаў рэстаратар.


Акрамя таго, у расходную частку гэтага бізнэсу ўваходзіць ахоўная сігналізацыя памяшканняў, устаноўка якой абыдзецца прыкладна ў 100 мільёнаў рублёў.


Паводле слоў Чагрынца, для таго каб у Мінску стала больш пунктаў грамадскага харчавання, неабходна наяўнасць арэндных плошчаў і кваліфікаванага персаналу.


"На сённяшні дзень 99% людзей, якія прыходзяць ва ўстановы ў якасці афіцыянта і кухара, лічаць гэтыя прафесіі часовымі. Большасць з іх атрымліваюць вышэйшую адукацыю", — заўважыў рэстаратар.
 


Паводле слоў заснавальніка сеткі рэстаранаў "Стары горад", "Пінта" і People's Таццяны Галузы, з аднаго боку, кліенты, у тым ліку прыезджыя, адзначаюць душэўнасць работнікаў пунктаў агульнага харчавання Беларусі, з іншага — афіцыянты і адміністратары "не зусім адпавядаюць таму ўзроўню", які хацелі б бачыць уласнікі ўстаноў.


На праблему падбору персаналу звярнуў увагу і дырэктар рэстаранаў "Лісіная Нара" і "Старая традыцыя" Аляксей Савельеў. "Ёсць людзі, якія здольныя адкрыта кантактаваць з кліентам. Але, на жаль, попыт на персанал расце, і выбіраць прыходзіцца ўжо з зусім розных людзей. Прыйдзецца прыходзіць да сістэмы стандартаў", — падкрэсліў ён.


У Беларусі, лічыць Савельеў, няма стратэгіі развіцця прадпрыемстваў агульнага харчавання. "Вядома, калі мы, груба кажучы, не клапоцімся пра тое, каб развіваць уласны бізнэс, то можна запрашаць замежныя сеткі. З іншага боку, сённяшнія ўмовы, якія створаны для працы прадпрыемстваў агульнага харчавання, яны ўсё ж больш скіраваны на працу, хай беларускіх, але сетак", — адзначыў ён.


Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, у горадзе працуюць 1 463 аб'екты грамадскага харчавання на 74 тысячы месцаў без уліку сталовых прадпрыемстваў. Сярод іх — 139 рэстаранаў, 348 кафэ, 278 бараў і прыкладна 700 закусачных і кафэтэрыяў. Сёння на 1.000 чалавек прыходзіцца 39 месцаў. Да 2015 года гэты паказчык плануецца давесці да 45 месцаў.

Вольга Алімава, БелаПАН