Долар ужо па 2,58. Што адбываецца з курсам валют і чаго чакаць далей

Долар расце чацвёрты дзень запар і ў некаторых банках яго можна набыць толькі за 2,64 рубля, курс Нацбанку — 2,58 рубля за долар. Радыё Свабода разбіраецца, як доўга гэта будзе адбывацца.

3c245293_9f41_4bf6_870f_7c63dd6c5487_w1023_r1_s.jpg

Пакуль ваганні рубля адносна долара «праходзяць у адным калідоры», кажа кіраўнік цэнтру Мізеса, эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Гэтыя ваганні пакуль не маюць фундаментальнага значэння, проста ў гэтыя дні нехта больш валюты купіў. Падстаў, каб рубель умацоўваўся, таксама няма. Калі не будзе крыніц фінансавання дзяржаўных выдаткаў, а будзе стаўка на эмісійнае крэдытаванне, то курс будзе расці далей», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Пакуль што не бачыць сур’ёзных праблем у такім ваганні і старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Гэта статыстычна не вельмі істотныя змены, у калідоры 2,60 за долар. У гэтых межах долар вагаецца з пачатку жніўня», — гаворыць Леў Львоўскі.

 

«Долар па 3 у наступным годзе»

Паводле Яраслава Раманчука, долар можа каштаваць па 3 рублі ўжо ў наступным годзе. І гэта вынік палітыкі ўраду і Нацбанку, перакананы ён.

«Урад прывёў да павелічэння дзяржаўнага доўгу на траціну, у даўгі залезлі прадпрыемствы. Калі зменаў не будзе, гэта даб’е прадпрыемствы. Тады курс будзе набліжацца налета да трох — трох з паловай рублёў за долар», — прагназуе Яраслаў Раманчук.

 

«Расійскі крэдыт не ўратуе»

Расія дасць Беларусі крэдыт у памеры 1 мільярд долараў; гэта той самы, пра які вялася гаворка яшчэ падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў верасні.

«3 мільярды спатрэбіцца толькі на выплачванне іншых даўгоў. Ёсць яшчэ ўнутраны доўг, яшчэ ёсць рэфінансаванне дзяржаўных абавязанняў, павялічыцца падатковы цяжар. Расія — галоўны крэдытор. Ільвіную частку даўгоў налета трэба ім аддаць, атрымаецца, яны самі сабе і крэдытуюць», — кажа Яраслаў Раманчук.

9 снежня віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Беларусь разлічвае на павелічэнне фінансавання ад Еўразійскага банку развіцця.

 

«Абвал вонкавага фінансавання»

У праекце бюджэту на наступны год заклалі вонкавае фінансаванне на 1,6 мільярда рублёў. Гэта 1 мільярд пазык ад іншых дзяржаваў, 703 мільёны ад размяшчэння аблігацыяў і каштоўных папераў, 93 мільёны ад міжнародных фінансавых арганізацыяў.

У бюджэце на 2020 год сумы былі значна большыя: вонкавае фінансаванне — 5 мільярдаў долараў, крэдыты ад іншых дзяржаваў — 2,1 мільярда, каштоўныя паперы і аблігацыі — 3 мільярды.