Дом друку ў Мінску купілі на аўкцыёне, там зробяць бізнес-цэнтр

Сёння на аўкцыёне за 6,22 млн руб прадалі будынак Дома друку каля метро «Акадэмія навук» на праспекце Незалежнасці. Пра гэта распавялі ў камітэце «Мінскгармаёмасць». Як паведамілі іншыя крыніцы на рынку камерцыйнай нерухомасці, пераможцам таргоў стала кампанія «ПриватКапитал».

kors_tutby_20121009_004_5472_dom_pechati.jpg

Будынак Дома друку на праспекце Незалежнасці, 79, які з'яўляецца помнікам архітэктуры, выстаўляўся на таргі ў трэці раз з паніжаным на 50% коштам. З улікам гэтага пачатковая цана на сённяшніх таргах была 3.527.000 964 рубля 16 капеек. Падчас аўкцыёну ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці яна вырасла да фінальных 6,22 млн рублёў, што эквівалентна амаль 2,8 млн долараў па актуальным курсе.
Функцыянальнае прызначэнне будынка вызначана як адміністрацыйна-дзелавое. Гэта значыць, пакупнік — кампанія «ПриватКапитал» — павінен зрабіць на гэтым месцы бізнес-цэнтр.
Кампанія «ПриватКапитал» існуе з 2015 года. Яна спецыялізуецца на здачы ў наём уласнай і арандаванай маёмасці. Першапачаткова кампанія была заснаваная літоўскай структурай, потым належала грамадзянам Беларусі. Цяпер яна належыць бізнесоўцу Дзмітрыю Пярову.
Нагадаем, будынак Дома друку пабудаваны ў 1930-1935 гадах у стылі канструктывізму. Збудаванне перажыло вайну, а ў 1963-1978 гадах яго рэканструявалі, надбудавалі чацвёрты паверх. Агульная плошча чатырохпавярховага будынка — 3 558,6 «квадрата», плошча зямельнага ўчастка — 0,1711 га.
tut.by