Другі месяц запар прамысловасць працуе на склад
Складскія запасы прамысловасці ў лістападзе выраслі на 135 млн рублёў. Яны растуць другі месяц запар. У выніку па стане на 1 снежня на складах ляжала прадукцыі на амаль 5,47 млрд рублёў.

Склад, ілюстрацыйнае фота cleverence.ru
Узровень запасаў за лістапад вырас на 0,5 п.п. да 53,6% ад сярэднямесячнай вытворчасці, паведамляецца ў матэрыялах Белстата. Паказчык на 15, 5 п.п. менш, чым на 1 снежня 2020 года. Зніжэнне ўзроўню складскіх запасаў абумоўлена ў асноўным ростам вытворчасці. Год таму па стане на 1 снежня на складах ляжала прадукцыі на 5,28 млрд рублёў.
Найбольшыя запасы сёлета на 1 снежня былі ў харчовай прамысловасці. За месяц яны выраслі на 78 млн рублёў і склалі 1,15 млрд рублёў. Узровень запасаў у гэтай галіне склаў 52 працэнты ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.

Самы высокі ўзровень запасаў захоўваўся ў легпраме. На складах амаль трохмесячны аб'ём вытворчасці, што складае 668,2 млн рублёў. У лістападзе запасы зменшыліся на 8 млн рублёў.
У машынабудаванні запасы былі на 6,2 працэнта большыя за месячную вытворчасць. Яны склалі 751,4 млн рублёў, скараціўшыся за лістапад на 18 млн. У транспартным машынабудаванні запасы склалі 325,3 млн, або 66,5% ад сярэднямесячнай вытворчасці.
У фармацэўтыцы на складах ляжала прадукцыі на 236,2 млн рублёў, у дрэваапрацоўцы і паліграфіі — на 376,7 млн рублёў, у металургіі — на 200,4 млн рублёў.
reform.by