Кампанія «Антытытунь» ці Каму закон не пісаны

Адной рукой дзяржава робіць больш жорсткім антытытунёвае заканадаўства, а другой стварае паблажлівыя выключэнні для абраных бізнесоўцаў. Чаму так адбываецца негледзячы на незадаволенасць насельніцтва?

Image by Lindsay Fox from Pixabay 

Image by Lindsay Fox from Pixabay 


27 ліпеня ўступіў у сілу дэкрэт №2, званы «антытытунёвым». Ён мае абмежаваць рэкламу ды продаж цыгарэтаў, а таксама публічнае паленне беларусаў. У тым ліку з дапамогай штрафаў. Вынікам павінна стаць скарачэнне колькасці курыльшчыкаў, якіх цяпер у Беларусі 28% насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў. 

Каму закон пісаны

Дэкрэт прыняты дзеля «стварэння ўмоваў для аховы здароўя грамадзян», «абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы», узмацнення дзяржаўнага кантролю «за вытворчасцю, абарачэннем і спажываннем тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў» і «за выкарыстаннем электронных сістэмаў курэння». Як гэта на практыцы адаб’ецца на курыльшчыках і тых, хто мусіць дыхаць іхні нікацінавы дым?
Вызначаныя месцы, дзе можна курыць толькі ў адмыслова абсталяваных там зонах. Гэта — установы культуры, аховы здароўя, агульнага харчавання, гандлёвыя цэнтры, вакзалы, пляжы. Пашыраецца спіс месцаў, дзе будзе цалкам забароненае курэнне. Гэта — дапаможныя памяшканні жылых дамоў (агульныя калідоры і лесвіцы), ліфты, працоўныя месцы, дзіцячыя пляцоўкі, аўтамабілі, у якіх сядзяць дзеці да 14 гадоў, падземныя пераходы, прыпынкі грамадскага транспарту.
Так што, чакаць, аўтобуса, тралейбуса ці трамвая можна будзе без тытунёвага смуроду. Ці прыгразіць курыльшчыкам штрафам. А скласці ён можа ад 0,1 да 4 базавых велічыняў (адна БВ роўная цяпер 25,5 рубля). Міліцыя анансавала таксама штрафаванне бацькоў, чые дзеці да 16 гадоў патрапяцца падчас палення. Паводле Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях, за невыкананне абавязкаў па выхаванні спагнанне можа сягнуць 10 базавых велічыняў.
Што да новамодных электронных сістэмаў курэння, то забараняецца адкрытая выкладка вадкасцяў для іх у крамных вітрынах, нельга рэкламаваць і прадаваць электронныя цыгарэты непаўнагадовым. Паводле дэкрэту, з 1 студзеня 2020 года ўводзяцца патрабаванні да продажу ў крамах, якія маюць гандлёвую плошчу больш за 1000 кв.м, тытунёвых вырабаў, сістэм для спажывання тытуню, электронных сістэм курэння і вадкасцяў для іх — толькі праз таварныя аддзелы. А з 1 студзеня 2022 года ўводзіцца забарона на выкарыстанне для захоўвання і продажу тытунёвых вырабаў у крамах і павільёнах абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.

Каму закон не пісаны

Скандальны пункт дэкрэту: на шыльдах гандлёвых аб’ектаў забаронена выкарыстоўваць словы, тоесныя ці падобныя да наймення відаў тытунёвых вырабаў. Многія згадаюць сетку шапікаў «Табакерка», якія апошнім часам усталёўваюць па ўсёй Беларусі. Прычым нават паблізу школаў і на прыпынках. Займаецца гэтым кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная буйному бізнесоўцу Аляксею Алесіну. Але ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыйшлі да высновы, што гэтай назвы забарона не тычыцца. Маўляў, табакерка — гэта скрыначка для нюхальнага тытуню. Ды нават калі заплюшчыць вочы на гэтую лінгвістычна-цынічную нюансіроўку, то сам факт разгортвання амаль 2,5 тысячы цыгарэтных шапікаў нівелюе добрыя мэты дэкрэту.
Не зважаюць ва ўладзе і на шэраг народных петыцыяў супраць «Табакерак» на прыпынках. А людзі, у адрозненне ад чыноўнікаў, лічаць, што «такая практыка рэалізацыі тытунёвай прадукцыі дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцця»: спрашчае пакупку цыгарэтаў і фармуе ў маладога пакалення станоўчае стаўленне да тытуню.