Дырэктар НАІП: «Што такое палітычная рызыка? Гэта рызыка загалоўкаў»

Для прыходу прамых замежных інвестыцый на беларускія прадпрыемствы ўзровень іх рэнтабельнасці павінен пакрываць палітычныя рызыкі інвеставання ў эканоміку краіны.

investr-pro.ru

investr-pro.ru


Такое меркаванне выказала дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП) Наталля Нікандрава 9 студзеня ў Мінску на пасяджэнні круглага стала "Прадпрыемствы нясуць страты: крызіс ці нежаданне змяніць сітуацыю?".
"Калі мы гаворым аб прыцягненні прамых інвестыцый на прадпрыемства, то, вядома, ніхто не пойдзе на стратнае прадпрыемства, калі гэта не кампанія, якая займаецца скупкай непатрэбных актываў. Таму для таго, каб прапанаваць нешта і зацікавіць нейкага інвестара, неабходны пэўны ўзровень рэнтабельнасці", — адзначыла кіраўнік НАІП.
Пры гэтым, паводле слоў Нікандравай, прывабнай для інвестара можа стаць рэнтабельнасць, якая пакрывае не толькі дзейныя стаўкі па крэдытах, але і так званыя краінавыя рызыкі.
"Не спяшаюцца інвестары. У нас, чамусьці, лічыцца, высокая палітычная рызыка. Што такое палітычная рызыка? Гэта рызыка загалоўкаў — калі за мяжой аналізуюць нашу прэсу і бачаць гучныя загалоўкі, дзе якога інвестара пакрыўдзілі. Адпаведна, ніхто не разбіраецца, што адбываецца, каго там сапраўды пакрыўдзілі, і робяць высновы", — сказала яна.
"Толькі калі прадпрыемства будзе дастаткова прыбытковым, дастаткова рэнтабельным, толькі ў такім выпадку можна дамовіцца аб выкарыстанні розных фінансавых інструментаў для прыцягнення інвестараў. Гэта можа быць дадатковая эмісія акцый і гэтак далей", — адзначыла Нікандрава.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН