Дзякуй МВФ. ЗВР Беларусі за месяц павялічыліся на мільярд долараў
Золатавалютныя рэзервы Беларусі за месяц выраслі больш чым на мільярд долараў ЗША, і на 1 верасня склалі 8,5 мільярдаў долараў, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага банка.
У жніўні ЗВР павялічыліся на 14,2%, тады як у ліпені — усяго
на 0,4% (або на 33 мільёны долараў). Такі вялікі рост у жніўні стаў магчымы
дзякуючы сродкам МВФ.
23 жніўня ўступіла ў сілу рашэнне МВФ аб размеркаванні
падтрымкі краінам-удзельніцам фонду. Гэтыя грошы прызначаныя для пераадолення
эканамічных наступстваў пандэміі. Доля Беларусі склала 0,95 мільярда долараў.
Сродкі паступілі на рахунак. Аднак яны намінаваныя не ў валюце, а ў SDR
(спецыяльных правах запазычання). Гэтыя сродкі яшчэ трэба будзе канвертаваць ў
якую-небудзь валюту.
Акрамя сродкаў МВФ на рост ЗВР таксама паўплывалі купля
Нацбанкам замежнай валюты на таргах «Беларускай валютна-фондавай
біржы», а таксама паступленні замежнай валюты ў бюджэт, падкрэслілі ў
Нацбанку.
Там таксама нагадалі, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём ЗВР на 1 студзеня 2022 года павінен скласці не менш за 6 мільярдаў долараў ЗША.
Паводле «Еўрарадыё».