Дзярждоўг Беларусі за 2020 год вырас на 29%

Па дадзеных Мінфіна, дзярждоўг Беларусі за мінулы год павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%. На пачатак 2021 года ён склаў 57,8 млрд рублёў, зазначае Еўрарадыё.

money_6_logo_1.jpg

Знешні доўг — плюс 8,4%


З іх знешні доўг склаў 18, 6 млрд долараў, павялічыўшыся на 1,4 млрд. Гэта на 8,4% больш, чым у пачатку 2020 года.
Усяго летась Беларусь пазычыла за мяжой 3146,9 млн долараў. Самая вялікая частка — 1391,5 млн — аблігацыі, якія размяшчаюцца на знешніх фінансавых рынках. Амаль усё гэта — сродкі ад продажу еўрааблігацый летам да прэзідэнцкіх выбараў. Асноўнымі пакупнікамі сталі інвестары з ЗША і Еўропы.
Амаль трэць пазыковых сродкаў (1051,1 млн долараў) паступіла ад расійскага ўрада і банкаў. Яшчэ 500 млн долараў — транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
У Экспартна-імпартнага банка Кітая Беларусь заняла 126,2 млн долараў. Яшчэ больш сціплыя сумы паступілі ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (67,1 млн) і ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Паўночнага інвестыцыйнага банка (11 млн).
Старыя даўгі пагашаліся не так хутка, як браліся новыя. Усяго Беларусь вярнула 1635,3 млн долараў.
З іх 709,4 млн долараў — ураду і банкам Расіі. Банкам Кітая — 430,3 млн. Яшчэ 118,7 млн Беларусь выдаткавана на вяртанне даўгоў перад МБРР, таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША, ЕБРР і ПІБ.

Унутраны доўг — плюс 12,9%


Унутраная дзяржаўная запазычанасць павялічылася за 2020 год на 1,1 млрд рублёў і дасягнула 9,9 млрд рублёў.
У 2020 годзе размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 463,3 млн долараў ЗША і 300 млн рублёў, — паведамляе Мінфін.
Кампенсавана за мінулы год аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму 857,7 млн долараў і 173,5 млн рублёў.