Дзяржпрадпрыемствы Беларусі губляюць свае ключавыя функцыі

Дзяржпрадпрыемствы ўжо не з’яўляюцца асноўным працадаўцам у краіне. Акрамя гэтага, яны паступова страчваюць свае пазіцыі ў прамысловасці і ў экспарце тавараў і паслуг.

maz_1_1.jpg


У аналітычнай працы «Трансфармацыя сектара дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў у Беларусі», аўтарамі якой з’яўляюцца вядомыя эканамісты Павел Данейка, Аляксандр Чубрык, Кацярына Барнукова, Дзмітрый Крук і Кірыл Гайдук, асобная частка прысвечана змене ролі дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў у эканоміцы Беларусі, піша «Ежадневник».

Аўтары звяртаюць увагу, што калі б прадукцыйнасць працы дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў была б роўная ўзроўню прыватнага сектара, тэмпы прыросту ВУП павялічыліся б прыкладна на 2 працэнтныя пункты ў год, што складае ад 1/5 да 1/3 штогадовага прыросту рэальнага ВУП, патрабаванага для дасягнення 100 млрд долараў да 2025 года.

Эканамісты правялі аналіз сектара дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў, абмежаваўшыся трыма паказчыкамі: занятасць, прамысловая вытворчасць і экспарт.

На іх думку, такія паказчыкі як прыбытак, пратэрмінаваная запазычанасць і нават запасы гатовай прадукцыі не адлюстроўваюць рэальнай карціны, паколькі, па-першае, ўлік вядзецца ў адпаведнасці з нацыянальнымі, а не міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці, па-другое, запазычанасць дзяржпрадпрыемстваў нярэдка рэструктурызуецца, гэта значыць, перастае класіфікавацца як пратэрмінаваная, па-трэцяе, частка запасаў нярэдка пераафармляецца на гандлёвыя дамы, нават не пакідаючы склада прадпрыемства.


Страцілі «сацыяльную» функцыю

«На трывалае меркаванне, дзяржаўныя прадпрыемствы з’яўляюцца асноўнымі працадаўцамі, фармуюць “падмурак” беларускай прамысловасці і забяспечваюць ільвіную долю экспарту тавараў і паслуг», — адзначаецца ў працы.

Аднак, лічаць аналітыкі, дзяржаўныя камерцыйныя прадпрыемствы страчваюць сваю ролю «наймальніка апошняй інстанцыі», саступіўшы яе прыватнаму сектару.

Так, у 2019 годзе спісачная занятасць на прадпрыемствах рэспубліканскай уласнасці знізілася на 29,9% у параўнанні з 2012 годам — і гэта пры тым, што занятасць у цэлым па эканоміцы за гэты перыяд паменшылася ўсяго на 6,1%. Прадпрыемствы камунальнай уласнасці страцілі ў параўнанні з 2012 годам 25,1% занятых, змяшанай уласнасці (з доляй дзяржавы) — 23,8%. Занятасць у бюджэтным сектары за гэты перыяд практычна не змянілася (мінус 3%), а ў прыватным сектары — павялічылася (на 6,5% у камерцыйных кампаніях без долі дзяржавы і на 79,4% на замежных прадпрыемствах).

У выніку структура занятасці у 2019 годзе памянялася вельмі істотна: удзельная вага прыватнага сектара вырасла з 37,8 да 44,7%, а камерцыйных прадпрыемстваў з доляй дзяржавы-паменшылася з 37,2 да 29,5%, у тым ліку прадпрыемстваў рэспубліканскай уласнасці — з 9,2 да 6,8%.


Дзяржсектар страчвае пазіцыі ў прамысловасці

«Дзяржаўныя прадпрыемствы, безумоўна, з’яўляюцца асновай беларускай прамысловасці» — сказана ў аналітычнай рабоце. Але, зазначаюць эканамісты, гаворка ідзе аб прамысловай вытворчасці, а не аб дабаўленым кошце. Акрамя гэтага, у значнай ступені гэта дасягаецца дзякуючы тром галінам: нафтаперапрацоўка, вытворчасць калійных угнаенняў і нафтаздабыча. Іх доля, адзначаецца ў дакуменце, вар’іравалася за аналізаваны перыяд ад 20,7 да 26,7% у залежнасці ад сусветных коштаў нафты і калійных ўгнаенняў.

Удзельная вага астатніх дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў у прамысловай вытворчасці устойліва падае з 2017 года, страціўшы за 3 гады 5,2 працэнтнага пункта, у той час як прыватны сектар вырас на 2,8 працэнтнага пункта.

«Такім чынам, калі не разглядаць схільныя да шокаў сыравінных коштаў галіны нафтаздабычы, нафтаперапрацоўкі і вытворчасці калійных угнаенняў, то прыватны сектар па ўкладу ў прамысловае вытворчасць ўшчыльную наблізіўся да дзяржаўнага», — адзначаюць эканамісты.

naftan___obshchiy_vid4_02.jpg


Экспарт тавараў і паслуг

Эксперты адзначаюць, што значная частка прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў экспартуецца праз «недзяржаўныя» па статусе Беларускую калійную кампанію і Беларускую нафтавую кампанію. Калі «ачысціць» экспарт тавараў і паслуг ад экспарту сырой нафты, нафтапрадуктаў, калійных і змешаных угнаенняў, а таксама паслуг трубаправоднага транспарту, то бачна, што ў застаўшымся экспарце тавараў і паслуг доля дзяржпрадпрыемстваў устойліва і хутка зніжалася.

Для параўнання: калі ў 2012 годзе гэтая доля складала 50,4% , то ў 2019 годзе — усяго 32,6%. Апошнія 3 гады яна застаецца на ўзроўні крыху больш за 10 млрд долараў, у той час як экспарт прыватнага сектара за гэты ж перыяд вырас з 16,9 да 21,9 млрд долараў. Нават з улікам экспарту калію, нафты і паслуг трубаправоднага транспарту ўдзельная вага прыватнага сектара ў экспарце тавараў і паслуг ужо перавысіла 50%.


Як раскрыць патэнцыял дзяржсектара?

Эканамісты звяртаюць увагу: вышэйпаказаныя дадзеныя кажуць, што роля сектара дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў у эканоміцы пастаянна зніжаецца. І гэта нягледзячы на назапашаны капітал і працяглыя маштабныя інвестыцыі.

Эканамісты лічаць: каб раскрыць патэнцыял сектара дзяржаўных прадпрыемстваў, патрэбна комплексная трансфармацыя гэтага сектара.

«Рэформа дзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў з’яўляецца цэнтральнай у пакеце патрэбных сістэмных рэформаў, без якой мэтавы паказчык у 100 млрд долараў не можа быць дасягнуты ні ў 2025 годзе, ні ў больш аддаленай перспектыве», — падкрэсліваюць яны.