Эксперт: Сярэдні заробак у 500 долараў магчымы, але адзін раз
Загад Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікам дасягнуць любым коштам сярэдніх заробкаў у паўтысячы долараў штомесяц выканаць можна, але трываць выкананне будзе нядоўга, і наступствы гэтага будуць вельмі сумнымі для беларускай эканомікі, кажа вядомы эканаміст Сяргей Балыкін.

Дастаткова ўключыць друкарскі грашовы станок, лічыць Сяргей Балыкін.
— Магчыма накачаць эканоміку пустымі грашыма, выплаціць заробак, але ж расплатай за гэта будзе рост інфляцыі і наступная дэвальвацыя і памяншэнне заробкаў у параўнанні з тым, што было раней.
Эканаміст тлумачыць, што ж трэба зрабіць для сапраўднага росту прыбыткаў працоўных беларусаў.
— Каб рэальна падняўся заробак, трэба павялічваць попыт на працоўную сілу. А каб павялічваць попыт на працоўную сілу, трэба павялічваць попыт на беларускую прадукцыю на замежных рынках. Але ж дзяржаўныя прадпрыемствы ўжо не ў стане працаваць так эфектыўна, як нам хацелася б. Таму неабходна праводзіць рынкавыя рэформы.
Паводле Белстату, сярэдні заробак у Беларусі зніжаецца тры месяцы запар — калі ў верасні гэтага года ён складаў 370 еўра, дык у лістападзе — каля 350.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя