Фінансавы аналітык: Сёння еўра рэзка ўпадзе, але потым пачнецца яго рост
У сувязі з вынікамі рэферэндуму ў Вялікабрытаніі (52% прагаласавалі за выхад з ЕС), 24 чэрвеня на сусветных фондавых біржах пачалося падзенне курса фунта і еўра.
Старшы фінансавы аналітык Альпары Вадзім Іосуб кажа, што з рублём у дачыненні да валютнага кошыка нічога не адбудзецца. На сённяшніх таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы ён прадбачыць рост долара, але і адначасовае падзенне курса еўра. Далей гэтая тэндэнцыя працягвацца не будзе.
Іосуб мяркуе: “Чакаць далейшага зніжэння еўра і фунта да долара я б не стаў. Хутчэй за ўсё пасля рэзкага падзення, яны ўзновяць свой кошт”.
Па словах Вадзіма Іосуба, беларусам прадаваць еўра і фунты ўжо позна. Але калі захоўваць свае зберажэнні ў розных валютах, на гэтым скачку людзі збольшага нічога не згубілі б, бо курс долара вырас, а курс еўра ўпаў.
Для беларусаў рэзкі рост долара будзе адчувацца толькі сёння, кажа аналітык, далей вынікі рэферэндуму ўплываць на яго ўжо не будуць.
euroradio.fm