Fitch: Нягледзячы на слабасць эканомікі, Лукашэнка застанецца ва ўладзе

Міжнароднае агенцтва Fitch Ratings прагназуе, што ў сярэднетэрміновай перспектыве Аляксандр Лукашэнка застанецца ва ўладзе, нягледзячы на слабасць нацыянальнай эканомікі. Такая ацэнка прыводзіцца ў абгрунтаванні агенцтва да абноўленага суверэннага рэйтынгу Беларусі.

the_headquarters_of_fitch_ratings_in_canary_wharf_the_new_financial_bn7g0d.jpg


Агенцтва пацвердзіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні "B-" і кароткатэрміновы рэйтынг на ўзроўні "В" са стабільным прагнозам. Гэты рэйтынг адлюстроўвае высокі чалавечы патэнцыял Беларусі і пры гэтым — слабасць эканомікі, паведамляе Fitch.
"Эканоміка Беларусі перажывае частыя крызісы, якія вынікаюць са слабай фіскальнай і грашова-крэдытнай палітыкі", — адзначаюць аналітыкі агенцтва.
Паводле ацэнкі экспертаў Fitch, Беларусь застаецца адной з найменш рэфармаваных краін СНД, у якой дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць адыгрываць ролю-дамінанту ў эканоміцы. "Макраэканамічныя паказчыкі Беларусі значна слабейшыя, чым у іншых краінах", — лічаць эканамісты Fitch.
Згодна з іх прагнозамі, у 2017 годзе Беларусь вернецца да ўмеранага эканамічнаму росту. Гэта будзе абумоўленае паляпшэннем знешняга асяроддзя, аднак ўнутраны попыт будзе заставацца слабым.
Не лепшым чынам характарызуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва і сітуацыю ў банкаўскім сектары. "Fitch ацэньвае банкаўскі сектар Беларусі як фундаментальна слабы. Непрацоўныя крэдыты падскочылі да 13,4% ад агульнага аб'ёму выдадзеных крэдытаў па стане на канец чэрвеня 2016 года з 6,8% на канец 2015 года з-за эканамічнага спаду і дэвальвацыі абменнага курсу", — адзначаюць эксперты Fitch.
Нягледзячы на слабую эканоміку і складанае становішча на фінансавым рынку, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве застанецца ва ўладзе, лічаць аналітыкі.
"Палітычная ўлада Беларусі засяроджаная ў руках прэзідэнта Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. У той жа час апазіцыя слабая, і Fitch лічыць, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе ў сярэднетэрміновай перспектыве", — прагназуюць аналітыкі.
Fitch Ratings разам са Standard & Poor's і Moody's уваходзіць у тройку найбольш аўтарытэтных міжнародных рэйтынгавых агенцтваў. Галоўная задача Fitch — даванне сусветным крэдытным рынкам незалежных і арыентаваных на перспектыву адзнак крэдытаздольнасці, правядзенне аналітычных даследаванняў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН