Як фіны зарабляюць на беларускіх аматарах піва

Кампанія «Лідскае піва», якая з’яўляецца часткай фінскай Olvi Group, па выніках гэтага паўгоддзя прадэманстравала рэкордны ўзровень продажаў як на беларускім рынку, так і пры экспарце ў Расію.

lidskaje.jpg

Аб гэтым паведамляецца ў справаздачы фінскага холдынгу за першыя шэсць месяцаў бягучага года.
«Лідскае піва» за гэты перыяд прадало ў Беларусі 125,5 млн літраў піва і напояў, што перавысіла паказчык аналагічнага перыяду мінулага года на 8,4%. Для параўнання: у самой Фінляндыі ў гэты перыяд было рэалізавана 106,6 млн літраў прадукцыі холдынгу (прырост — 1,4%).
Па чыстых продажах, якія выражаны ў еўра, аперацыйны прыбытак беларускага бізнеса ў рамках Olvi Group займае другое месца.
У грашовым выразе продажы беларускага падраздзялення павялічыліся на 13,4% і склалі ў першым паўгоддзі 46,4 млн еўра. Большы гэты паказчык толькі ў Фінляндыі — 81,8 мільёнаў еўра (прырост — 8,7%). Лідарам па дынаміцы стала Літва, дзе было прададзена прадукцыі на 23,9 мільёнаў еўра або на 15,7% больш, чым у аналагічны перыяд 2018 года.
Беларускі рынак стаў лідарам па атрыманаму аперацыйнаму прыбытку ў другім квартале. Але за ўсё паўгоддзе яго паказчык (7,5 млн еўра) пакуль саступае аб’ёмам у Фінляндыі (за 8,9 млн еўра).
У справаздачы таксама адзначаецца, што ў Беларусі на 3,8% скарацілася колькасць супрацоўнікаў групы (з 707 да 680 чалавек). Але мясцовая вытворчая і гандлёвая кампаніі па-ранейшаму застаюцца галоўнымі працадаўцамі ў структуры Olvi Group.
Вынікі працы Olvi Group пераўзышлі рэкордныя паказчыкі 2018 года. Продажы ў фізічных аб’ёмах павялічыліся на 4,1% (да 365 млн літраў), у грошах — на 7,5% (да 201,5 млн еўра), а аперацыйны прыбытак — на 1,1% (да 25,8 мільёнаў еўра). Праўда, чысты прыбытак скараціўся на 9% і склаў 18,3 млн еўра.
Паводле Заўтра тваёй краіны