Як выканаць план па інвестыцыях? Нацбанк проста назаве беларускія форэкс-кампаніі інвестыцыйнымі

Нацыянальны банк рыхтуе змены ў заканадаўства і прапаноўвае перайменаваць форэкс-кампаніі ў інвестыцыйныя кампаніі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фінансавых арганізацый і інвестыцыйных аперацый Нацбанка Дзмітрый Набздораў, выступаючы 30 сакавіка на анлайн-канферэнцыі.

vybrat_foreks_brokera.jpg


«Мы бачылі, што рынак, на якім працуюць беларускія форэкс-кампаніі, у папярэднія гады падвойваўся, і 2020 год не стаў выключэннем. Калі ў 2019 годзе было зроблена каля 4 млн. аперацый, то ў 2020-м — каля 8 млн. аперацый. Доля аперацый са станоўчым вынікам захоўваецца на сярэднееўрапейскім узроўні — больш за 60%», — цытуе Набздорава «Радыё Рацыя» са спасылкай на «БелаПАН».

У грашовым выражэнні рынак, на якім аперуюць форэкс-брокеры, вырас, паводле даных Нацбанка, у 2020 годзе ў тры разы. Паводле слоў Набздорава, калі ў 2019 годзе кліенты беларускіх кампаній (82% з якіх нерэзідэнты) зрабілі аперацый (з улікам крэдытнага пляча) на 46,2 млрд. долараў, то ў 2020 годзе — на 139,2 млрд. долараў.

Пры гэтым прадстаўнік Нацбанка звярнуў увагу на змены структуры базавых актываў, з якімі працуюць кліенты беларускіх форэкс-кампаній. «Калі ў 2017 годзе валютныя пары як базавыя актывы займалі 84% аперацый форэкс-кампаній, то ў 2020 годзе — 35%, а ў суме аперацый — 18%. Мы назіраем цікавасць кліентаў форэкс-кампаній да іншых базавых актываў — каштоўных металаў, каштоўных папер, нафты», — канстатаваў Набздораў.

Паколькі фокус увагі кліентаў беларускіх форэкс-кампаній мяняецца, Нацбанк прапаноўвае перайменаваць форэкс-кампаніі ў інвестыцыйныя кампаніі.

Акрамя гэтага, адзначыў Набздораў, рэгулятар прапаноўвае пашырыць пералік базавых актываў, з якімі могуць працаваць беларускія форэкс-кампаніі. «Прапанова Нацыянальнага банка ў 2021 годзе заключаецца ў тым, каб пашырыць пералік базавых актываў і каб кліент-нерэзідэнт мог, знаходзячыся ў любой развітой юрысдыкцыі (у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі), выходзіць на беларускі рынак і бачыць знаёмы для сябе пералік базавых актываў», — растлумачыў Набздораў. Для гэтага, паводле яго слоў, Нацбанк прапаноўвае пашырыць пералік базавых актываў «да лепшых сусветных перадавых практык», якія даступныя кліентам інвестыцыйных кампаній (зарэгістраваных у ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі).

Набздораў падкрэсліў, што рэгулятар будзе настойваць на перайменаванні беларускіх форэкс-кампаній у інвестыцыйныя і да лета адпаведны праект дзяржаўнага рашэння будзе ўнесены на разгляд у дзяржаўныя органы. «Мы будзем настойваць на нашай прапанове, таму што называць кампаніі па-старому будзе зусім не актуальна ў 2021-м і зусім-зусім не актуальна ў наступныя гады», — сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Ён выказаў меркаванне, што калі прапановы рэгулятара будуць прынятыя іншымі дзяржорганамі і пералік базавых актываў, з якімі змогуць працаваць інвестыцыйныя кампаніі, пашыраць, то аб’ём і колькасць аперацый кліентаў могуць вырасці ў 2021 годзе ў два разы ў параўнанні з мінулым годам.