Японія выдзяляе Беларусі 100 тысяч долараў на ахову здароўя

Пасольства Японіі рэалізуе праграму «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забеспячэнні бяспекі чалавека».

Ілюстратыўнае фота radiobelarus.by

Ілюстратыўнае фота radiobelarus.by

Урад Японіі прафінансуе тры новыя праекты ў ахове здароўя і сацыяльнай сферы ў Беларусі больш чым на 100 тысяч долараў. Падпісанне кантрактаў на выдзяленне гранту адбылося ў Мінску 20 лютага.
У прыватнасці Гомельскаму абласному клінічнаму анкалагічнаму дыспансеру выдзелена 75,3 тысячы долараў на закупку апарата УГД. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна атрымае 26 тысяч долараў на набыццё аўтамабіля для перавозкі пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі. Сярэдняя школа № 2 у Століне зможа набыць вулічны трэнажорны комплекс коштам каля 8,5 тысяч долараў.
Пасольства Японіі ў Беларусі рэалізуе праграму ўрада «Карані травы — грантавая дапамога для праектаў па забесьпячэнні бяспекі чалавека» з 2004 года. У яе межах Японія вылучае гранты з мэтай дапамагаць людзям, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Раней сродкі вылучаліся толькі ўстановам аховы здароўя. З пачатку дзеяння праграмы агульная сума выдзеленых грантаў складае больш за 3,8 млн долараў.
radyjo.net