Юрый Чыж прадае футбольны клуб «Дынама-Мінск»
ТАА «Трайпл» заявіла пра свой намер прадаць належны яму пакет акцый ЗАТ «Футбольны клуб «Дынама-Мінск». Паведамленні аб намеры атрымалі суб'екты гаспадарання, якія маюць пераважнае права пакупкі.
Гаворка ідзе аб продажы 52 простых імянных акцый наміналам 500 рублёў за штуку. Пры гэтым кошт продажу ўстаноўлены шматкроць вышэй — 19 250 рублёў за штуку. Гэта значыць увесь пакет (каля 57% акцый) яго цяперашні ўладальнік ацэньвае за 1 млн беларускіх рублёў.
Нагадаем, чуткі пра будучую змену ўладальніка «Дынама» з'явіліся ў канцы мінулага года.
Юрый Чыж, асноўны ўладальнік «Трайпла», стаў уладальнікам мінскага «Дынама» ў канцы 1999 года. За мінулы час «бела-блакітныя» выйгравалі чэмпіянат Беларусі толькі ў 2004 годзе, 8 разоў займалі другое месца, 5 разоў — трэцяе. Некалі легендарнаму клубу не ўдалося парушыць гегемонію барысаўскага БАТЭ.
Бізнесмен вызначыўся тым, што за гэты час памяняў больш за 30 трэнераў. Паваротным момантам для «Дынама» і Юрыя Чыжа стаў леташні пройгрыш «Зеніту» ў Санкт-Пецярбургу — 1: 8.
Як паведамілі крыніцы, пасля разгрому ў Піцеры паступіла каманда змяніць гаспадара «Дынама». Юрый Чыж перастаў наведваць матчы сваёй каманды і пасяджэнні выканкама федэрацыі футбола. Не было яго і сярод гасцей нядаўняга «Зорнага мяча», дзе ўшаноўвалі лаўрэатаў мінулага сезона.
«Трайплу» належала каля 57% акцый мінскага «Дынама», прыкладна 26% валодае Мінгарвыканкам. Тады інфармаваныя суразмоўцы казалі, што Чыж не гатовы расстацца з акцыямі бясплатна і хоча каля 500 тысяч долараў, то бок суму, пазначаную ў паведамленні.
Сярод патэнцыйных пакупнікоў пакета акцый называлі некалькі бізнесменаў, у прыватнасці расійскага мільярдэра Міхаіла Гуцарыева, была таксама версія, што пакет адыйдзе гораду.
Абмяркоўвалася магчымасць прыходу ў «Дынама» Уладзіміра Япрынцава, былога партнёра Чыжа па «Трайплу». Некалькі гадоў таму паміж партнёрамі прабегла чорная котка. У выніку бізнесмены былі затрыманыя сілавікамі. Але абодва выйшлі на свабоду: Чыж — датэрмінова, Япрынцаў — пасля абвяшчэння прысуду суда. У 2016 годзе старшынёй праўлення ФК «Дынама-Мінск» стаў Сяргей Чыж, старэйшы сын бізнесмена. Япрынцаў напісаў ліст на імя Лукашэнкі пра сваё бачанне развіцця «Дынама» з указаннем крыніц фінансавання. Але бакі захавалі статус-кво. Адносіны ж паміж бізнесменамі ўсё яшчэ не нармалізаваліся: яны да гэтага часу высвятляюць адносіны ў судах. У кастрычніку Уладзімір Япрынцаў у інтэрв'ю Naviny.by прапанаваў перадаць «Дынама» Мінгарвыканкаму.
TUT.BY