Кабмін Латвіі зацвердзіў адмову ад імпарту электраэнергіі з Расіі ад Беларускай АЭС

Расіі прыйдзецца пацвярджаць, што электраэнергія, якая экспартуецца з гэтай краіны ў Латвію, не створаная на Беларускай АЭС. Гэта прадугледжваюць змены ў правілы гандлю і выкарыстання электраэнергіі, якія зацвердзіў Кабінет міністраў Латвіі на пасяджэнні 3 лістапада, паведамляе прэс-служба ўрада.

a2528ea778212f5fcd0da69473d71156.jpg


Змены, у прыватнасці, вызначаюць, што аператар сістэмы перадачы электраэнергіі можа запытаць у кампетэнтных органаў расійскага боку доказы паходжання, якія пацвярджаюць, што імпартаваная з Расіі электраэнергія была выпрадукаваная ў Расіі, перадае БелаПАН.

Латвія мае толькі адно электрычнае злучэнне з трэцімі краінамі — латвійска-расійскае міжсеткавае злучэнне. Нароўні з новым рэгламентам рэалізуецца пастанова Кабінета Міністраў ад 25 жніўня гэтага года, якое прадугледжвае прыпыненне гандлю электраэнергіяй з Беларуссю пры ўводзе ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС.

«На практыцы новыя правілы азначаюць, што электраэнергія з Беларусі не будзе імпартавацца ў Латвію транзітам праз Расію», — патлумачыла прэс-служба ўрада Латвіі.

Раней Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся аб агульнай методыцы гандлю электраэнергіяй, якая выключае яе куплю з Беларусі. Вызначана таксама, што пры імпарце электраэнергіі з Расіі ў Латвію павінны быць прадастаўлены доказы, што электраэнергія не была выпрацавана ў Беларусі.

Першы энергаблок Беларускай АЭС 3 лістапада пачаў выпрацоўваць электрычнасць і пастаўляць яго ў энергасістэму.

Увесці блок у эксплуатацыю, пры якой ён запрацуе на 100% магутнасці, плануецца ў 2021 годзе. Другі энергаблок, як мяркуецца, будзе выведзены на поўную магутнасць у 2022 годзе.

Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid заблакаваў пастаўкі электрычнасці з Беларусі ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС.