Кіраўнік «Белнафтахіму»: «Кошт паліва прапарцыйна будзе павышацца»
Кіраўнік "Белнафтахіму" распавёў, ад чаго будзе залежаць цана на паліва.

Фота: sb.by
Кіраўнік "Белнафтахіму" Ігар Ляшэнка ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ распавёў, ад чаго будзе залежаць цана на паліва ў нашай краіне. Паводле яго слоў, не ад мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў у Беларусі (яна мусіць закончыцца праз паўтара года), а найперш ад росту сусветных катыровак на нафту пасля таго, як ЗША выйшлі з ядзернай дамовы з Іранам.
"Кошт паліва прапарцыйна будзе павышацца, — кажа Ляшэнка. — Мы ідзем сінхронна з нашымі калегамі з Расійскай Федэрацыі, сёння такая стратэгія. Таму і тут будзем арыентавацца на іх".
Аднак кіраўнік "Белнафтахіму" запэўніў, што рэзкіх скачкоў у кошце на аўтамабільнае паліва не будзе. Як і раней, ён будзе расці на капейку. Сёлета бензін у нашай краіне даражэў 8 разоў, апошні раз — 12 траўня.