Колькі каштуе вучоба ў БДУ
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт апублікаваў на сваім сайце інфармацыю пра кошты для студэнтаў-першакурснікаў дзённай платнай формы навучання на 2013–2014 год.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
На спецыяльнасцях «беларуская філалогія», «расейская філалогія» на філфаку і «сацыяльная праца» на гуманітарным факультэце за год навучання першакурсніку давядзецца заплаціць найменей — 12 мільёнаў 840 тысяч рублёў.
Даражэй за ўсё ў БДУ каштуе навучанне па спецыяльнасці «міжнароднае права» на факультэце міжнародных адносін, а таксама
«правазнаўства» і «эканамічнае права» на юрыдычным факультэце — 17 мільёнаў 940 тысяч.
Навучанне на журфаку таксама дарагое — 16–17 мільёнаў рублёў у залежнасці ад спецыялізацыі.
Вучоба на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі каштуе для першакурснікаў 14 мільёнаў 880 тысяч.
Раней Міністэрства адукацыі абвясціла, што аплата за навучанне ў беларускіх ВНУ з 1 верасня падвысіцца на 20 адсоткаў. Пры гэтым ВНУ маюць права ў залежнасці ад сваёй эканамічнай сітуацыі самастойна вырашаць, наколькі ўздымаць цану.