Крэдытаў стала менш
Колькасць банкаў, якія крэдытуюць жыллё і аўтамабілі, скарацілася ў Беларусі да мінімуму. Пры гэтым рост працэнтных ставак па крэдытах працягваецца. Да такой высновы прыйшлі эксперты інтэрнэт-партала Infobank.by ў студзеньскіх рэйтынгах крэдытаў на нерухомасць і аўтамабілі.
Колькасць банкаў, якія крэдытуюць жыллё і аўтамабілі, скарацілася ў Беларусі да мінімуму. Пры гэтым рост працэнтных ставак па крэдытах працягваецца. Да такой высновы прыйшлі эксперты інтэрнэт-партала Infobank.by ў студзеньскіх рэйтынгах крэдытаў на нерухомасць і аўтамабілі.
Адзначаецца, у прыватнасці, што на гэты час колькасць беларускіх банкаў, якія выдаюць крэдыты на куплю або будаўніцтва жылля, скарацілася да пяці. Тры найбуйнейшыя дзяржбанкі «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк» — выдаюць крэдыты толькі ў беларускіх рублях, прычым першы — толькі ў частцы будаўніцтва жылой нерухомасці.
Аднак, зазначаюць эксперты, «і гэты выбар можа быць толькі ўяўным, бо крэдыт выдаюць толькі ў залежнасці ад наяўнасці рэсурсаў у канкрэтным філіяле банка». Пры гэтым у мінскіх філіялаў рэсурсы з-за большага попыту з боку насельніцтва на крэдыты заканчваюцца значна хутчэй, чым у абласных гарадах. Камерцыйныя банкі «Прыёрбанк» і «Белросбанк» выдаюць толькі валютныя крэдыты.
Працэнтныя стаўкі па крэдытах таксама павялічыліся. Эфектыўныя стаўкі па рублёвых крэдытах знаходзяцца ў дыяпазоне 20–26%, па валютных — 18,9–20,6%.
Зафіксавана таксама стойкая тэндэнцыя павелічэння мінімальнага даходу крэдытаатрымальніка, г. зн. патрабаванні да мінімальнага памеру заработнай платы патэнцыяльнага пазычальніка ў цяперашніх умовах не толькі не падаюць, а, наадварот, працягваюць расці.
Сітуацыя па крэдытах пастаянна мяняецца, а «павышэнне ставак па крэдыце ўжо з’яўляецца не выключэннем, а сумнай заканамернасцю». «Гэта гаворыць аб тым, што, разлічваючы ўзяць крэдыт на такі доўгі тэрмін і вялікую суму, варта ўсур’ёз паразважаць над уласнай плацежаздольнасцю ў перспектыве», — робяць выснову аналітыкі інтэрнэт-рэсурса.
У частцы аўтакрэдытавання Infobank.by самай галоўнай зменай адносна канца мінулага года называе далейшае павышэнне працэнтных ставак, якое закранула ў асноўным рублёвыя крэдыты. На гэты час стаўкі па іх склаліся на ўзроўні 24–31% у беларускіх рублях. Па валютных крэдытах узровень ставак застаўся ранейшым — 17–20%. Колькасць беларускіх банкаў, якія выдаюць крэдыты на куплю аўтамабіляў, звузілася яшчэ больш. Цяпер усяго тры банкі — «Белросбанк», «Прыёрбанк» і «Альфабанк» — выдаюць іх у валюце. Крэдыты ў беларускіх рублях можна атрымаць у Банку ВТБ, «Белінвестбанку» і «БПС-Банку».
У цэлым, зазначаюць эксперты, на гэты час выбар праграм аўтакрэдытавання шмат у чым з’яўляецца безальтэрнатыўным. Крэдытаатрымальнік не можа разлічваць на шырокі выбар і вымушаны згаджацца з умовамі канкрэтнага банка. «І трэба сказаць, што сітуацыя з цягам часу не паляпшаецца», — рэзюмуюць аналітыкі інтэрнэт-рэсурса.
А пакуль аналітыкі разважалі, ААТ «Белаграпрамбанк» 19 студзеня на 4% павысіў стаўкі па крэдытах на спажывецкія патрэбы — з 20% да 24%.
Апрача таго, банк прыпыніў выдачу крэдытаў на куплю і будаўніцтва жылля. У банку не змаглі назваць тэрмін аднаўлення крэдытавання, зазначылі толькі, што стаўкі па дадзеным відзе крэдытаў таксама
павялічаныя — для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаўка складае 21% супраць ранейшай 17%, для тых, хто не мае патрэбы, 24% супраць 20%. Афіцыйна ў банку гэта рашэнне не
каментуюць, зазначаючы толькі, што ў цэлым «дадзеная сітуацыя для банкаўскай сістэмы краіны не новая».