Крышціяну Ранальду інвеставаў $40 млн у беларускую ІТ-кампанію

Дарагі ўсяму футбольнаму (і не толькі) свету Крышціяну наш Ранальду стаў трошкі беларусам. Не, ён не перайшоў ні ў «Іслач», ні ў «Мінск», ні нават у «Дынама», заўважыў эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч.

Крышціяну Ранальду

Крышціяну Ранальду

На мінулым тыдні профільныя сусветныя СМІ паведамілі пра тое, што шматразовы лепшы гулец свету інвеставаў $40 млн у распрацоўку бясплатнага футбольнага сімулятара UFL.

12 снежня 2023 года беларуская Студыя «Strikerz», якая займаецца распрацоўкай футбольнага сімулятара UFL, паведаміла пра тое, што ў лік інвестараў гэтага праекта ўвайшоў партугальскі нападаючы «Аль-Насра» Крышціяну Ранальду.

Кампанія «Strikerz» была заснавана ў 2016 годзе. На сайце студыі сказана, што яна мае пяць рэгіянальных офісаў у розных кропках Еўропы, а колькасць штату перавышае 200 супрацоўнікаў. «Strikerz »распрацоўвае футбольны сімулятар новага пакалення, які прадаставіць фанатам «выключны гульнявы працэс». Распаўсюджваць прадукт плануецца па ўмоўна бясплатнай мадэлі. UFL будзе пастаянна абнаўляцца без якіх-небудзь абавязковых плацяжоў або штогадовых збораў. Гульня выйдзе на кансолях PlayStation 5 і Xbox Series X і S.

«Далучэнне Крышціяну Ранальду да нас у якасці партнёра і інвестара — значны крок наперад і пацвярджэнне нашага бачання стварэння гульні для футбольных фанатаў ва ўсім свеце. Мы імкнёмся да інавацый і бачым значны патэнцыял для змены сітуацыі ў гульнявой індустрыі. Крышціяну падзяляе гэтае бачанне, і мы рады працаваць разам», — паведаміў генеральны дырэктар «Strikerz» Яўген Нашылаў. 

Ранальду, які валодае самым папулярным акаўнтам у Instagram з 614 млн падпісчыкаў, будзе спрыяць развіццю праекта UFL. Па стане на сярэдзіну снежня 2023 года тэрміны выхаду гульні не раскрываюцца. Але распрацоўшчыкі заяўляюць, што праект зробіць рэвалюцыю ў галіне футбольных сімулятараў, прапанаваўшы гульцам «беспрэцэдэнтны вопыт».

Раней «Strikerz» мела офісы ў Беларусі, Расіі і Украіне, аднак у першыя дні расійскага ўварвання ва Украіну кіеўскі офіс быў закрыты з мэтай бяспекі. Кампанія заявіла, што асуджае напад Расіі на Украіну, і закрыла офіс у Расіі, а таксама «не збіраецца развіваць партнёрскія адносіны з футбольнымі клубамі або лігамі ў Расіі».

Цяпер на сайце кампаніі красуецца сціплае ўказанне на «еўрапейскую кампанію», са штаб-кватэрай на Кіпры і пяццю офісамі распрацоўкі ў розных еўрапейскіх гарадах.