Леанід Заіка: Тое, што будзе адбывацца ў Аршанскім раёне, у свеце ацэньваецца негатыўна
Эканаміст Леанід Заіка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» даў ацэнку ўказу кіраўніка дзяржавы №506, які ўводзіць у 2019-2023 гадах у Аршанскім раёне асаблівыя эканамічныя ўмовы.
Згодна з указам, прадугледжваецца зніжэнне падаткаў, змяншэнне адлічэнняў на пенсійнае страхаванне, паслабленне ў будаўнічых нормах і іншае. Паведамляецца, што найбольш эфектыўныя захады для развіцця Аршаншчыны ўлады плануюць у будучыні здзейсніць у іншых рэгіёнах.
Леанід Заіка новаўвядзенні ўспрыняў без энтузіязму.
— Гэтак жа рабілася яшчэ ў 80-я гады Кітаі. Называлася гэта «адмысловымі эканамічнымі зонамі». Праўда, кітайскія зоны знаходзіліся за калючым дротам, — сказаў «Салідарнасці» эканаміст. — Але тое, што будзе адбывацца ў Аршанскім раёне, негатыўна ацэньваецца спецыялістамі з міжнародных арганізацый. Таму што ў такіх зонах ствараюцца парніковыя ўмовы: не плацяцца сацыяльныя падаткі, не нясецца адказнасць за развіццё аховы здароўя, адукацыі і г.д.
Калі такія захады перанесці на астатнія рэгіёны краіны, то ў нас не будзе бюджэту. Адукацыя разваліцца, а замест медыцыны будуць прыёмныя пункты па выдачы целаў. Тады кожны прэзідэнт зможа зляцець са сваёй пасады цягам некалькіх хвілін.
Леанід Заіка таксама здзіўлены ўказам кіраўніка дзяржавы, бо «паводле ўмоваў еўразійскай інтэграцыі ўсякага кшталту «зоны» павінны быць закрытыя».
— Калі мы выходзім з еўразійскай інтэграцыі, дык трэба было біць кулаком па стале ў Крамлі 25 і 29 снежня, калі нашы лёталі туды і дарэмна выдаткоўвалі паліва, — адзначыў эканаміст.
Леанід Заіка іранічна пракаментаваў ідэю, што асаблівыя эканамічныя ўмовы ў Аршанскім раёне прыцягнуць замежных інвестараў:
— Я быў у кітайскім Шэньчжэне на беразе мора. Там субтропікі, цёпла, сонца, пляжы. Замежнікі набудавалі там віл і часткова перацягнулі туды капіталы. У Аршанскім раёне я не бачыў ні мора, ні пляжаў. Хто туды папрэцца?