Леў Марголін: Увядзенне падатку на выезд за мяжу не прынясе краіне вялікай карысці, затое зашкодзіць памежнаму гандлю
Такое меркаванне эканаміст выказаў у каментары «Радыё Рацыя».
![margo_0.jpg margo_0.jpg](/img/v1/images/margo_0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
– Безумоўна, гэта ўдар і па гастарбайтарах і па так званым прыпамежным гандлі. Таму што вельмі шмат, як мы ведаем, тых, хто жыве ў Брэсцкай, Гродзенскай і нават Мінскай абласцях, зарабляюць сабе на жыццё тым, што вандруюць у Польшчу ці Літву і прывозяць туды нават кантрабандныя тавары, адтуль таксама нешта. Але гэта не толькі кантрабанда.
Раней Аляксандр Лукашэнка не аднойчы прапаноўваў увесці падатак для тых, хто выязджае за мяжу. Але ў сучасных умовах гэта таксама і палітычнае рашэнне, дадае эксперт.
– У яго даўно такая мара зрабіць так, каб „перакрыць кісларод”. Я толькі не ведаю, як на гэта будуць рэагаваць тыя, хто ўваходзіць у яго вертыкаль улады, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны ж таксама любяць паездзіць па замежжы. Вялікай карысці ад гэтага няма, бо гэта ўсё адно слёзы. Гэта такое тыпова палітычнае пытанне з таго самага шэрагу як і забарона выезду з Беларусі наогул.
Абласныя Саветы дэпутатаў змогуць уводзiць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы Беларусі. За кожны выезд за мяжу трэба будзе аддаць не больш за 3 базавыя велічыні, з новага года гэта складзе 87 беларускіх рублёў.