Леанід Заіка: Лепш бы Ладуцька заняўся камунальнымі службамі

“Калі мэр займаецца пытаннем заробкаў, такімі далікатнымі праблемамі, як трэнды даходаў і выдаткаў, гэта сведчыць, што надышла новая эпоха: нашыя мэры сталі найлепшымі мэрамі ўсіх краінаў, — заявіў эканаміст Леанід Заіка, каментуючы “Белсату ініцыятыву кіраўніка Мінгарвыканкаму праверыць адпаведнасць заробкаў на мінскіх прадпрыемствах.



20121106_130050.jpg

Эканаміст Леанід Заіка, фота belsat.eu

5 лістапада кіраўнік Мінскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька даў указанне праверыць абгрунтаванасць росту заробкаў у Мінску. “Адмыслоўцы Камітэту эканомікі Мінгарвыканкаму на гэтым тыдні спраўдзяць адпаведныя сталічныя прадпрыемствы на прадмет адпаведнасці тэмпаў росту заробкаў тэмпам росту эфектыўнасці працы, — паведамляе сайт Мінскага гарвыканкаму.


“Гэта ўнікальнае рашэнне, бо мэр Сан-Францыска ці Парыжу такога рабіць не будзе, — іранізуе Леанід Заіка. — Чым займаюцца нашы мэры — дык гэта выкананнем указанняў зверху. У гэтым выпадку ён, напэўна, пачуў голас Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, пра якіх яму распавядалі выкладчыкі, пра тое, што рост заробкаў, вышэйшы за рост іншых выдаткаў, прывядзе да росту коштаў. А рост коштаў выклікае інфляцыю, у выніку чаго змяншаецца рэальны заробак. Узнёсшыся да духу Карла Маркса, мэр пачаў займацца не ўласціваю для яго працаю. Мэр мусіць глядзець, ці не залівае дождж вуліцы (дарэчы, гэта цяпер актуальна), мусіць глядзець, як працуюць камунальныя службы, ці чыста ў дварах.


Леанід Заіка мяркуе, што хтосьці пераканаў Мікалая Ладуцьку, што на некаторых прадпрыемствах пачалі “ганяць дурачку, плаціць высокія заробкі, кошты павысіліся, а народ пачаў абурацца. На думку эксперта, такая праверка не будзе мець плёну.


“Стартаваў механізм, пра які яшчэ 250 гадоў таму пісаў Дэйвід Рыкарда, — пра тое, што спробы штучна павышаць заробкі вядуць да спіралі “кошт-заробкі. Мэр будзе тут змагацца супраць той практыкі, што склалася яшчэ 250 гадоў таму, якая нідзе не пераможаная, — падкрэсліў Леанід Заіка.

belsat.eu