Мацюшэўскі: Тэмпы эканамічнага росту дадаюць з месяца ў месяц

У апошнія месяцы Беларусь выходзіць на траекторыю эканамічнага росту, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі 26 чэрвеня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Васіль Мацюшэўскі. Фота belta.by

Васіль Мацюшэўскі. Фота belta.by

"Вынікі апошніх месяцаў паказваюць, што сёння мы паступова выходзім на траекторыю аднаўлення эканомікі. Тэмпы эканамічнага росту дадаюць з месяца ў месяц. Мэтавая задача па тэмпах росту ВУП на першае паўгоддзе выконваецца з некаторым апярэджаннем — 100,9% пры заданні 100,2%", — сказаў ён.

Пры гэтым рост інфляцыі знаходзіцца на мінімальным узроўні — 2,7% пры прагнозе на паўгоддзе 6,7%, удакладніў Мацюшэўскі.

Першы віцэ-прэм'ер таксама адзначыў зніжэнне працэнтнай нагрузкі на рэальны сектар эканомікі, рост рэнтабельнасці продажаў і чыстага прыбытку са зніжэннем чыстай страты ў разліку на адну стратную арганізацыю.

"Рэальная заработная плата расце ўжо трэці месяц запар на фоне яе зніжэння ў апошнія два гады. У цэлым па эканоміцы захаваная абумоўленасць заробкаў ростам прадукцыйнасці працы", — дадаў прадстаўнік урада.

Паводле слоў Мацюшэўскага, "рост ВУП забяспечваўся галоўным чынам за кошт знешняга попыту". "Экспарт нарошчваецца высокімі тэмпамі — 119,5% у студзені—красавіку 2017 года. Пры гэтым паказальна, што апераджальнымі тэмпамі расце не сыравінны, а менавіта тэхналагічны экспарт. За чатыры месяцы інвестыцыйных тавараў экспартавана ў паўтара разу больш, чым летась", — сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Ён таксама дадаў, што станоўчае сальда знешняга гандлю з пачатку года склалася на ўзроўні 120 млн долараў, і гэта эфектыўна адбіваецца на плацежным балансе і золатавалютных рэзервах.

Паводле слоў Мацюшэўскага, станоўчую дынаміку ў бягучым перыядзе дэманструе большасць галін, за выключэннем будаўніцтва. "Аднак асноўным драйверам росту выступае прамысловасць. Найбольшую аддачу паказваюць дрэваапрацоўка і цэлюлозна-папяровая вытворчасць, вытворчасць хімічнай прадукцыі і лёгкая прамысловасць", — сказаў Мацюшэўскі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН