Леў Марголін: Абяцанням больш ніхто не верыць

Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму Беларусь адмовілася ад крэдыту МВФ.

 Леў Марголін . Фота "Радыё Свабода"

 Леў Марголін . Фота "Радыё Свабода"

Як вядома, беларускі ўрад і Міжнародны валютны фонд разышліся ў тэрмінах на рэалізацыю структурных рэформаў.

Праз гэта афіцыйны Мінск не плануе працягваць перамовы аб новым крэдыце МВФ, пра што заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

Леў Марголін распавёў “Радыё Рацыя”:

— У беларускага ўрада не заставалася іншага выйсця. З боку МВФ былі вельмі канкрэтныя патрабаванні і галоўныя з іх: адыход ад перакрыжаванага субсідавання ўсіх камунальных тарыфаў і рэфармаванне дзяржаўных прадпрыемстваў.

Самае меншае, што тут можна зрабіць, раздзяліць функцыі ўладання і кіравання.

Але ні першае, ні другое пытанне вырашыць немагчыма, таму што на гэта не дае дазвол Лукашэнка. А паколькі вырашыць гэта немагчыма, то і ўсе спробы даказаць МВФ, што мы гэта зробім у будучым, не мае ніякага сэнсу. Бо супраца з Міжнародным валютным фондам доўжыцца каля 20 гадоў, і ў МВФ добра ведаюць, чаго вартыя словы беларускіх чыноўнікаў.

Тым больш, што беларускі кіраўнік увесь гэты час заставаўся нязменна на пасадзе. Таму нічога іншага беларускаму ўраду не заставалася, як адмовіцца ад крэдыту.

— Чаму ўлада баіцца ісці на тыя рэформы, што патрабуе МВФ?

— Па-першае, беларускі кіраўнік баіцца згубіць магчымасць кіраваць вялікім масівам эканомікі ў выглядзе дзяржаўных прадпрыемстваў. І, па-другое, пасля падвышэння “камуналкі” могуць пачацца акцыі незадавальнення з боку грамадства. Гэта ўладам не трэба.

— Навошта тады наогул вялі перамовы з МВФ, калі ведалі, што рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонда не ў стане выканаць?

— Відаць, хацелі атрымаць крэдыт толькі праз свае абяцанні, а не рэальныя справы. А раптам удалося б пераканаць? Але ў МВФ больш абяцанням не вераць.

— Крэдыт МВФ быў прывабным кавалкам для дзяржавы?

— Безумоўна, бо крэдыт пад 3 адсоткі – гэта самыя танныя грошы. Ні Расія, ні Кітай, ні міжнародныя фінансавыя рынкі такі танны крэдыт ніколі не дадуць. Ды і наогул зараз усё складаней у кагосьці пазычаць фінансы. Нават Еўразійскі фонд цягне з выдачай крэдыту, які абяцаў даць яшчэ раней. Там таксама сядзяць разумныя спецыялісты, якія бачаць, што ніякіх рэформаў у Беларусі няма. У такім выпадку грошы ідуць, як у пясок. Праз нейкі час зноў прыйдзецца прасіць новы крэдыт, каб аддаць стары.

Кастусь Забллоцкі, Беларускае Радыё Рацыя