Уперад, на граблі!

Cамы час ствараць сабе новыя праблемы, каб потым гераічна з імі спраўляцца, вырашылі ва ўладзе.

Малюнак www.tomsk.cian.ru

Малюнак www.tomsk.cian.ru


Безумоўна, адной з сенсацый мінулага тыдня было тое, што беларускія ўлады адмовіліся ад грошай Міжнароднага валютнага фонду пасля таго, як не змаглі ўзгадніць з фондам хуткасць рэалізацыі структурных рэформаў. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

«Мы распрацоўвалі разам з экспертамі МВФ праграму структурных рэформаў, якая б адпавядала філасофіі фонду. І ў прынцыпе, па ключавых момантах у нас пазіцыі супалі, мы выйшлі на праграму, але мы разышліся ў тэрмінах яе рэалізацыі», — сказаў Ермаловіч. Пры гэтым ён скарыстаўся выпадкам зваліць гэтае рашэнне на сумленне кіраўніка дзяржавы. Той неяк заяўляў, што рэформы, на якіх настойвае МВФ, нам патрэбныя, але так, каб гэта не стала «шокам для насельніцтва».

Такім чынам, фонд прапаноўваў нам правесці рэформы як мага хутчэй, і даваў на гэта грошы. Наш жа кіраўнік хацеў, каб рэформы ішлі марудна.

Што самае цікавае ў гэтым пытанні? Тое, што пра новы крэдыт фонду і тэрміны правядзення рэформаў Беларусь перамаўлялася аж ад 2015 года. Праз тры месяцы (так, Новы год хутка!) настане 2019-ты. Падаецца, каб мы не жавалі соплі і не распускалі сліны ды пагадзіліся на ўмовы МВФ — мы б гэтыя рэформы за тры гады правялі і на іх ужо забыліся. Прынамсі, хто зараз узгадвае, што не так даўно заробак беларусаў разлічваўся мільёнамі? А прайшло з таго часу нават не тры гады. Прывыклі, прызвычаіліся…

Каб мы правялі рэформы… Аднак тады за што б «перамоўшчыкі з МВФ» з ураду атрымлівалі б заробак, камандзіровачныя і прэміі? Лепей зацягнуць перамовы немаведама наколькі. Фонд ужо прыпыняў абмеркаванне крэдыту ў 2017-м. Потым перамовы ўзнаўляліся. Зараз — зноў замарожаныя.

Праўда, краіна пры гэтым жыве ўсё горш і горш. Але «краіна» — паняцце размытае і абстрактнае, а заробак на картку чыноўніку налічваецца штомесяц. Таму, як трапна заўважыў у адным з каментараў наконт тэмпаў рэформ эканаміст Ва­дзім Іосуб, беларускай уладзе хацелася б, каб гэтыя тэмпы былі нулявымі. «Размовы пра тое, што ў беларускага боку і МВФ ёсць прынцыповая згода наконт таго, якія рэформы неабходныя, але мы не згодныя толькі з тэмпамі іх правядзення, ідуць ужо тры гады», — таксама заўважыў адмыслоўца.

Пытанне, дзе нам узяць грошы на далейшае існаванне, застаецца актуальным.

У сувязі з гэтым даволі цікавая навіна прыйшла з Расіі. Беларусь сто разоў спрабавала прыструніць Рассельгаснагляд, які высоўвае даволі дзіўныя прэтэнзіі да беларускіх прадпрыемстваў. Мы пісалі пра тое, што гэтая структура, нібыта з-за парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаванняў, забараніла пастаўкі з Беларусі сухога малака і вяршкоў ва ўпакоўках больш за 2,5 літра. І здзіўляліся: чаму тыя ж прадукты, але ў меншай упакоўцы — нармальныя?

Зараз расійская Асацыяцыя прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасці «Асконд» (аб’ядноўвае Mars, Nestle, «Аб'яднаных кандытараў» і іншых) паведаміла свайму прэм’еру Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву пра дэфіцыт у галіне сухога малака. Ён узнік у наўпроставай сувязі з забаронай на яго імпарт з Беларусі.

«Сухая малочная сыроватка і сухое малако — найважнейшыя інгрэдыенты для кандытарскай прамысловасці, і іх дэфіцыт ставіць расійскіх вытворцаў у цяжкія ўмовы», — гаворыцца ў лісце, які цытуе «Камерсант». Выканаўчы дырэктар «Асконда» Вячаслаў Лашманкін адзначае, што ўжо ўзнік востры недахоп якасных сухіх малочных прадуктаў, які не можа быць пакрыты расійскімі вытворцамі. Паводле яго слоў, у кандытарскай вытворчасці малочная сыравіна не падвяргаецца ўздзеянню высокіх тэмператур, таму патрабаванні да яе якасці высокія. У Расіі з-за дэфіцыту сырога малака на сушку часцяком адпраўляецца прадукт з адхіленнямі па якасці, і такая сыравіна не можа выкарыстоўвацца ў кандытарскай галіне.

Паводле ацэнак асацыяцыі, мясцовая сухая малочная сыравіна забяспечвае прыкладна 50% патрэбаў расійскіх кандытараў. Астатняе пакрываецца за кошт імпарту, пры гэтым большасць пастаўшчыкоў з краін далёкага замежжа былі заменены беларускімі. «Асконд» просіць Мядзведзева даручыць профільным міністэрствам пры­няць рашэнне для забеспячэння расійскіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў якаснай малочнай сыравінай па даступных цэнах.

Варта зазначыць, што аналагічны зварот ужо адпраўляўся Асацыяцыяй еўрапейскага бізнесу (АЕБ), першаму віцэ-прэм’еру Расіі Антону Сілуанаву, віцэ-прэм'еру Аляксею Гардзееву і міністру сельскай гаспадаркі Дзмітрыю Патрушаву. Аднак тыя нічога не змаглі зрабіць з Рассельгаснаглядам. Ці здолее выправіць сітуацыю Дзмітрый Мядзведзеў? Альбо расіяне застануцца без круасанаў да кавы?

Канешне, навіна аптымістычная. Але беларускім вытворцам сухога малака ўсё ж трэба задумацца: яно ім трэба? У сувязі з забаронай на пастаўкі ў Расію асаблівага падзення беларускай «малочкі» заўважана не было. А ў Расіі зараз пачынаюцца складаныя часы, выкліканыя заходнімі санкцыямі. Прынамсі два тыдні таму долар каштаваў 67 расійскіх рублёў, а на гэтым тыдні перасягнуў 70. Беларускім вытворцам трэба моцна падумаць, як пры пастаўках у Расію не апынуцца «ў мінусе» проста з-за курсавых ваганняў.

У любым выпадку, нам ёсць куды падзець свой прадукт. Напрыклад, 11 верасня Лукашэнка санкцыянаваў адпраўку дапамогі Венесуэле — 500 тон сухога малака. Прадукт вырабяць Лепельскі малочна-кансервавы камбінат і прадпрыемства «Беллакт», і зроблена гэта будзе «па венесуэльскіх стандартах». Сухое малако будзе ўтрымліваць вітаміны В і D.

Адзначаецца, што Беларусь аказвае дапамогу свайму стратэгічнаму партнёру ў Лацінскай Амерыцы, які знахо­дзіцца «ў складанай эканамічнай сітуацыі». У сталіцы Венесуэлы Каракасе з 10 верасня праезд у метро зноў стаў платным (бясплатны праезд існаваў з канца 2017 года), кошт паездкі вырас у 12,5 тысячы разоў!

Цікава, хто дапаможа нам, калі мы апынёмся ў той самай «складанай эканамічнай сітуацыі»? А гэта, зважаючы на дзеянні нашага ўраду, цалкам можа адбыцца.