Швейцарыя запатрабавала ад Расіі спыніць шпіянаж на яе тэрыторыі

Швейцарскія ўлады запатрабавалі ад Расіі спыніць незаконныя выведвальныя аперацыі ў іх краіне. У пятніцу мясцовыя газеты напісалі, што яшчэ вясной у Гаазе па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі двух расіян, якіх цікавіла швейцарская лабараторыя, што вывучала матэрыялы па справе Скрыпаляў.

Фота GETTY IMAGES

Фота GETTY IMAGES

"Швейцарскае ўпраўленне замежных спраў заклікае Расію неадкладна спыніць усе незаконныя аперацыі на швейцарскай зямлі ці ў дачыненні да швейцарскіх аб'ектаў", — гаворыцца ў заяве знешнепалітычнага ведамства Швейцарыі.

Як адзначылі ў заяве, швейцарскі МЗС у гэтым годзе ўжо тройчы выклікаў расійскага пасла, каб выказаць заклапочанасць з нагоды паведамленняў аб шпіёнскіх аперацыях.

У пятніцу швейцарская газета “Tages-Anzeiger” і галандская “NRC Handelsblad” са спасылкай на свае крыніцы напісалі, што двое расійскіх грамадзян былі затрыманыя вясной у Гаазе па падазрэнні ў шпіянажы.

Паводле дадзеных гэтых выданняў, расіяне з'яўляюцца супрацоўнікамі ГРУ, у іх было абсталяванне для ўзлому кампутарнай сеткі лабараторыі.

Як патлумачыла кіраўнік аддзела камунікацыі “NDB Handelsblad” Ізабэла Грабер, аперацыя праводзілася сумесна з галандскімі і брытанскімі спецслужбамі, і ў ходзе яе былі спынены незаконныя дзеянні, накіраваныя супраць асабліва важнай швейцарскай інфраструктуры.

Пракуратура ў Берне паведамляе, што крымінальная справа ў дачыненні да двух расіян была заведзеная яшчэ ў сакавіку 2017 года. Іх імёны не называюцца.

У нядзелю швейцарская газета “Sonntags-Zeitung” напісала, што, паводле ацэнкі аднаго з мясцовых агенцтваў па бяспецы, прыкладна кожны чацвёрты расійскі дыпламат у Швейцарыі з'яўляецца дзеючым або былым супрацоўнікам спецслужбаў.

Расійскае пасольства ў Швейцарыі назвала гэтую ацэнку неабгрунтаванай.

Паводле www.bbc.com