Мэта па інфляцыі ў 2022 годзе складзе 6% — Нацбанк
Нацыянальны банк плануе ўсталяваць мэтавы паказчык інфляцыі на 2022 год не больш за 6%. Пра гэта падчас круглага стала паведаміла начальнік упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Беларусі Наталля Мірончык.

«На што будзе арыентаваная палітыка, каб стабілізаваць інфляцыю, але з мінімальнымі выдаткамі для эканомікі? 6% — мэта па інфляцыі ў наступным годзе. Галоўнае — гэта працэнтная палітыка, гэта падтрыманне працэнтных ставак у эканоміцы ў рэальным выражэнні на станоўчым узроўні», — цытуе Мірончык REFORM.by.
Мірончык адзначыла, што пры неабходнасці Нацыянальны банк будзе павышаць стаўкі. Паводле яе слоў, даходы ашчаджальнікаў павінны быць станоўчымі ў рэальным выражэнні, а крэдытаванне — не бясплатным.
У Беларусі цяпер гадавая інфляцыя складае 10,5%. Ёсць высокая верагоднасць, што па выніках года яна захаваецца на ўзроўні 10%. Мэтавы паказчык на гэты год складаў 5%.