Мінфін Расіі прапануе з 2014 года адмяніць нафтавыя льготы Беларусі
Гэта не частка «калійнай вайны», а вынік рэзкага скарачэння бюджэтных даходаў у Расіі.
«Рэжым надзвычайнага скарачэння», — так называе свой артыкул аб прапановах расійскага Мінфіна газета
«Коммерсант».
Расія сутыкнулася з вялізнай праблемай: бюджэтныя даходы ад ненафтагазавага сектара ў наступныя тры гады ўпадуць на 1,7 трыльёна рублёў. Гэта амаль 60 мільярдаў даляраў у пераліку! Такую
бюджэтную дзірку трэба нечым затыкаць. Мінфін прапануе адпаведна скараціць выдаткі.
Скарачэнне расходаў бюджэту стала тэмай спецыяльнага паседжання з удзелам Уладзіміра Пуціна, што прайшло ў Нова-Агарове 11 верасня.
Згодна з планам расійскага міністра фінансаў Антона Сілуанава, пад скарачэнне пападзе большасць артыкулаў.
Толькі 16 бюджэтных артыкулаў не трапляюць пад абрэзку. Сярод іх названыя стыпендыі студэнтам, пенсіі вайскоўцам, зарплаты, датацыі на выраўноўванне бюджэтнай забяспечанасці і аплата міжнародных
абавязацельстваў. Пад скароты, затое, трапяць дзяржзакупкі, дзяржпраграма ўзбраення «ды іншыя несацыяльныя выдаткі».
Аднак простага скарачэння расходаў замала. Каб збалансаваць дзяржаўныя фінансы, плануецца павялічыць ПДВ і падаткі на нафту.
Нафта й газ застаюцца, фактычна, адзінай крыніцай грошай для Расіі. Такім чынам, краіна, як і ў 1980-я, будзе цалкам залежаць ад кан'юнктуры сусветных цэнаў на энерганосьбіты.
Беларусі асабліва датычыць тое, што Мінфін Расіі прапануе ў комплексе захадаў таксама мабілізацыю «даходаў за кошт ўрэгулявання пытання з бяспошліннымі пастаўкамі расійскай нафты
дзяржавам Мытнага саюза».
Нафту Расія пастаўляе толькі ў Беларусь, Казахстан мае досыць уласнай сыравіны. Такім чынам, гэтая змена будзе датычыць толькі нашай краіны.
Ад гэтай прапановы бюджэт Расіі разлічвае атрымаць больш за 7 мільярдаў даляраў за тры гады, прыкладна 2,4 млрд даляраў штогод.
«Да нядаўняга часу гэтыя сродкі разглядаліся як плата за ўдзел Беларусі ў Мытным саюзе, — піша „Коммерсант“. — У выпадку зацвярджэння прапановы ў
бюджэце гэтыя сродкі апынуцца ўжо недаступнымі для дыпламатычных манеўраў з Аляксандрам Лукашэнкам — лёс Мытнага саюза, як і Еўразійскай эканамічнай прасторы, у гэтым выпадку, відаць,
павінен выклікаць пытанні».
Беларусь наўрад ці застанецца ў расійскай сферы ўплыву, калі Масква адменіць нафтавыя і газавыя датацыі.
Зрэшты, наяўнасць беларускага нафтавага афшору занадта выгадная расійскім чыноўнікам і нафтавікам. Таму, як сведчыць нядаўні візіт кіраўніка «Роснефті» Ігара Сечына ў Мінск, у
пытанні адмены нафтавых ільгот расійскі Мінфін можа ніколі не дабіцца свайго.
nn.by