Мінгандлю будзе закрываць крамы, якія не разлічыліся за прадукцыю

Міністэрства гандлю Беларусі будзе закрываць крамы, якія не разлічыліся з пастаўшчыкамі за прадукцыю, а таксама папярэдзіла гандлёвыя сеткі аб далейшым кантролі за недапушчэннем неабгрунтаванага павышэння коштаў.



infliat.png

У Міністэрстве гандлю ў рэжыме відэаканферэнцыі адбылася рабочая сустрэча з кіраўнікамі буйных гандлёвых сеткавых кампаній, на якой абмяркоўвалася сітуацыя, якая склалася на спажывецкім рынку. Міністр гандлю Валянцін Чаканаў падзякаваў прысутным за выкананне даручэнняў урада, дзякуючы якім атрымалася ўтрымаць рост коштаў, захаваўшы пры гэтым досыць шырокі асартымент тавараў. Ён таксама папярэдзіў сеткавыя арганізацыі, што Мінгандлю і надалей будзе кантраляваць недапушчэнне неабгрунтаванага павышэння коштаў, наяўнасць тавараў айчыннай вытворчасці, паведамілі БелТА ў прэс-службе Мінгандлю.

На сустрэчы ўздымалася актуальнае пытанне невыканання асобнымі арганізацыямі тэрмінаў разлікаў за пастаўленую прадукцыю. Кіраўнік ведамства даручыў арганізацыям, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць перад пастаўшчыкамі за мясамалочную, плодаагароднінную і іншую прадукцыю, да канца красавіка прыняць вычарпальныя меры па яе пагашэнні. У выпадку дапушчэння пратэрмінаванай запазычанасці Мінгандлю пакідае за сабой права на прыняцце самых жорсткіх мер аж да закрыцця аб’ектаў.

Увага прадстаўнікоў буйных сеткавых структур была акцэнтавана і на тым, што неабходна забяспечыць належную работу па выкладцы і размяшчэнні тавараў у гандлёвай залі і не дапускаць пры гэтым дыскрымінацыі прадукцыі айчыннай вытворчасці, якая часта размяшчаецца ў аддаленых ад спажыўца месцах — на ніжніх або самых верхніх паліцах гандлёвага абсталявання. Таксама ўвага была ўдзелена пытанню стварэння фірменных секцый (аддзелаў) беларускіх вытворцаў у аб’ектах буйных сеткавых кампаній, што дало б патэнцыял у павелічэнні рэалізацыі айчыннай прадукцыі і забеспячэнні суб’ектаў малога бізнесу.

Пры гэтым у Мінгандлю падкрэслілі, што вытворцы абавязаны выпускаць канкурэнтаздольны якасны тавар, які б не меў патрэбы ў рэкламе і пратэкцыянізме і дазволіў ім пазбегнуць зваротаў у міністэрствы і ведамствы з просьбай аказання садзейнічання ў яго прасоўванні на рынку.