Місія выканальная? Перамовы з МВФ прыпыненыя праз «разыходжанні ў пазіцыях»

Місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Мінску з 26 кастрычніка па 10 лістапада, паведамляе прадстаўніцтва МВФ у Беларусі.

mvf_3.jpg

У прадстаўніцтве фонду растлумачылі, што эксперты МВФ прыедуць для правядзення штогадовых кансультацый па IV артыкуле, піша БЕЛТА.
Як паведамляў напярэдадні першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, перамовы па новай праграме з фондам пакуль прыпыненыя.
«Праца над падрыхтоўкай праграмы прыпыненая, таму што фактычна праграма гатовая, перамовы па ёй завершаны. Ёсць разыходжанні ў пазіцыях, і гэтыя разыходжанні мы працягваем збліжаць, зараз кожны ў сваёй частцы. Аднаўленне будзе магчыма толькі пасля таго, як мы зробім запыт аб працягу праграмы і правядзем шэраг спецыяльных дзеянняў, выкананне якіх прадугледжана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця», — расказаў першы намеснік міністра.
Пры гэтым ён растлумачыў, што Мінфін працягвае супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам у рамках работы над параметрамі бюджэтнай збалансаванасці і рэалізацыі падаткова-бюджэтнай палітыкі.
«Мы вядзем супрацоўніцтва з МВФ і па тэхнічнай дапамозе, па падтрымцы праектаў, што рэалізуюцца Мінфінам», — дадаў першы намеснік міністра.
У апошні раз місія МВФ працавала ў Беларусі 5-12 чэрвеня. Эксперты фонду на чале з кіраўніком місіі па Беларусі Пітэрам Долманам абмеркавалі з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання эканамічную сітуацыю ў краіне, а таксама актуальныя пытанні ўзаемадзеяння, у прыватнасці, падрыхтоўку да штогадовых кансультацый па IV артыкуле, якія адбудуцца ўвосень 2017 года.
Паводле belaruspartisan.org