Між Беларуссю і Расіяй выспявае цэментная вайна
Беларускі цэмент прадаецца ў Расіі танней, чым на ўнутраным рынку. Такія звесткі маніторынгу цэн, праведзенага Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Наднацыянальны орган Мытнага саюза прапануе стварыць спецыяльную камісію, каб праверыць беларускіх вытворцаў на прадмет дэмпінгу.
«На трансгранічным рынку цэменту сярэдняя рознічная адпускная цана на адзін і той жа прадукт беларускай вытворчасці вышэйшая ў Беларусі, чым у Расіі. У сувязі з гэтым рэкамендавана
сфармаваць працоўную групу з удзелам прадстаўнікоў ЕЭК і антыманапольнага органа РБ для далейшай работы па аналізе і выяўленні ўдзельнікаў рынку цэменту па ўсім «ланцужку»
– ад вытворчасці да канчатковай рэалізацыі», - заявіў 20 верасня член калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Нурлан Алдабергенаў.
Зрэшты, прэтэнзіі да беларускага цэменту з боку расійскіх гульцоў былі чаканыя.
Бо калі іранскі цэмент, на які апалчыліся расіяне і казахі (разам з беларусамі), прадаецца ў РФ па 80 даляраў за тону (расійскі — за 120 даляраў), то беларускія экспарцёры, паводле дадзеных Белстата, збываюць сваю прадукцыю ў РФ па 70
даляраў. Прычым, калі сярэднія цэны на расійскім рынку ўпалі ў гэтым годзе на 10 %, то беларускі цэмент у Расіі патаннеў на 15%.
Спачатку расейцы спрабавалі дамовіцца з саюзнікам палюбоўна, прапаноўваючы Мінску добраахвотна абмежаваць дэмпінгавыя пастаўкі ў РФ.
«Увесь ліпень і пачатак жніўня ў Мінску ішлі перамовы Мінбудархітэктуры, кіраўніцтва цэментных заводаў Беларусі і інстытута НІПТІС з прадстаўнікамі расійскага
холдынгу«Еўрацэмент груп». Галоўная тэма гэтых сустрэч — вызначыць
квоту на гарантаваную пастаўку айчыннага цэменту ў Расію. У пратакол аб намерах у выніку была ўпісана лічба 50 000 тон на месяц для кожнага з нашых (трох) заводаў. Але яна па-ранейшаму не
канчатковая. Перамоўны працэс працягваецца... », — паведамляла газета
«Рэспубліка» 28 жніўня.
Як бачым, да кампрамісу прыйсці не ўдалося, нягледзячы на тое, што прапанаваная квота ў 1,8 млн. тон на год вышэйшая за тыя 1,5 млн, якія Беларусь збіраецца экспартаваць у РФ у гэтым
годзе.
Але, па-першае, у наступным годзе, калі новыя лініі ў Краснасельскім, Касцюковічах і Крычаве выпусцяць дадатковыя 3 млн тон, цяперашнія дамоўленасці ўсё роўна страцілі б актуальнасць.
Па-другое, вераснёўскае абвастрэнне цэментных супярэчнасцяў можа быць звязана і з арыштам 26 жніўня ў Мінску генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Бо
ўладальнік «Еўрацэмент груп» Філарэт Гальчаў з'яўляецца буйным мінарытарыем «Уралкалія» і шматгадовым дзелавым партнёрам Сулеймана Керымава.
Але якімі б ні былі матывы канфлікту, перспектывы для беларускай цэментнай галіны выглядаюць не весела.
На дадзены момант 93% беларускага экспартнага цэменту ідзе ў Расію. Па выніках года выручка ад гэтых продажаў павінна скласці каля 100 млн даляраў, а ў наступным чакаецца 300 млн даляраў.
Калі расследаванне ЕЭК прывядзе да прыпынення гэтага канала ці хаця б да яго абмежавання да цяперашніх рамак, гэта будзе азначаць не проста ўпушчаныя магчымасці.
Бо экспартныя паступленні павінны былі ісці на пагашэнне паўмільярднага кітайскага крэдыту, укладзенага ў пашырэнне цэментнай вытворчасці.
naviny.by