Мясніковіч: Беларусы хочуць працаваць за амерыканскі заробак і жыць па беларускіх цэнах
Прэм’ер выступіў з адкрытай лекцыяй пра праблемы беларускай эканомікі для студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Гэтую ВНУ ў свой час скончыў і сам Мясніковіч.
«У Беларусі адна з самых адкрытых эканомік у свеце. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень яе развіцця ўнутры краіны. Аднак звышадкрытасць робіць нашую эканоміку залежнай ад замежных рынкаў
і фактараў», — адзначыў прэм’ер-міністр. Мясніковіч расказаў пра праблемы ўступлення ў СГА, эканамічныя сувязі ўнутры Мытнага саюза і варыянты свабоднага гандлю ў Беларусі,
а таксама заявіў аб тым, што ніводнае эканамічна пісьменнае прадпрыемства ў нашай краіне не можа арыентавацца толькі на сыравінную палітыку і сферу паслуг.
Апошняя, на думку Мясніковіча, будзе развівацца толькі тады, калі насельніцтва будзе здольнае плаціць.
Была закранутая, на думку прэм’ера, і самая галоўная праблема беларускай эканомікі — масавы адток маладых і дасведчаных спецыялістаў.
«Чаму ў Мінску лядоўні дапамагаюць будаваць узбекі? Хіба ў нас няма сваіх майстроў? Ёсць. Але мы не можам іх нічым утрымаць, — заўважае Міхаіл Мясніковіч.
— Вось Мядзведзеў, як быў прэзідэнтам Расіі, заявіў, што іх краіна ўкладзе немалыя сродкі ў тое, каб вярнуць свае таленты з ЗША ды іншых краін. Такі падыход павінныя выкарыстоўваць і
мы. Трэба стварыць усе ўмовы, каб чалавек мог сябе рэалізаваць і мець адэкватны прыбытак. Сёння гэта вельмі складана».
«У нас вельмі шмат выхадцаў з Азіі займаюць месцы нашых хлопцаў на будоўлі ды ў іншых сферах. Вось сёння ў Баранавічах мы з Канстанцінам Андрэевічам Сумарам усур’ёз разглядалі
магчымасць запрашэння ткачоў з Бангладэш. А што рабіць, калі сваіх няма або мы не можам іх утрымаць? Усе гэтыя пытанні завязаныя на эканоміцы, на заробках.
Нашыя людзі хочуць працаваць за амерыканскі заробак і жыць па беларускіх цэнах. Гэта немагчыма», — упэўнены Мясніковіч.
Паводле vb.by