МВФ ацэніць эканамічную палітыку ўраду Беларусі
З 14 па 25 сакавіка ў Беларусі будзе працаваць чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Як паведамілі ў беларускім прадстаўніцтве МВФ, місію ўзначальвае Дэвід Хофман. Эксперты фонду правядуць чацвёрты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі пасля ажыццяўлення праграмы stand-by.
Гэтая праграма была рэалізаваная ў перыяд са студзеня 2009 года па красавік 2010 года і падтрыманая крэдытам МВФ на суму 3,5 мільярда долараў.
У праграму місіі ўваходзяць кансультацыі экспертаў фонду з урадам і Нацбанкам Беларусі па пытаннях макраэканамічнай, бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкі
ўладаў, а таксама па перспектывах развіцця беларускай эканомікі.
Дзейнасць МВФ у Беларусі накіраваная на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам
на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі
і ўстойлівасці плацежнага балансу.
Па выніках місіі спадар Хофман збіраецца правесці прэсавую канферэнцыю 25 сакавіка, а пакуль ад нейкіх каментараў у офісе МВФ устрымліваюцца.
Беларусь і МВФ: гісторыя крэдытаў і стасункаў
Пасля звароту беларускіх уладаў Рада выканаўчых дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 году ўхваліла праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд. Пазней на просьбу беларускага боку МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансавання да $3,46 млрд. За час з 1992 па 2008 год Беларусь двойчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сістэмных трансфармацыяў — $217,2 млн, і паводле механізму стэнд-бай — $77,4 млн. Абодва гэтыя крэдыты Беларусь цалкам пагасіла ў лютым 2005 года. Беларусь — сябра МВФ з 1992 года.