На магілёўскім «Хімвалакне» — «аптымізацыя», збіраюцца звольніць 700 працаўнікоў

У кіраўніцтве кампаніі масавыя звальненні аргументуюць «аптымізацыяй працоўнага працэсу і змяншэннем выдаткаў прадпрыемства», паведамляе «Радыё Свабода»

«Магілёўхімвалакно»

«Магілёўхімвалакно»


​На найбольшым у Магілёве прадпрыемстве складаюць спісы працаўнікоў, з якімі адміністрацыя ня мае намеру працягваць кантракты.

Прэтэндэнты на звальненне — тыя, у каго канчаецца кантракт і хто пенсійнага ўзросту

На магілёўскім «Хімвалакне» збіраюцца звольніць больш за 700 работнікаў. Праз паўгоду з цяперашніх 5779 працоўных застанецца пяць тысяч.

Пра гэта “Свабодзе” распавялі супрацоўнікі прадпрыемства. Яны сцвярджаюць, што адміністрацыя ўжо загадала кіраўніцтву падраздзяленняў вызначыць, каго звольніць.

Сярод прэтэндэнтаў на звальненне — працаўнікі, у якіх канчаецца кантракт, ды тыя, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту. Чаму патрэбна масавае звальненне, адміністрацыя работнікам не тлумачыць.

 

Звальненне — «аптымізацыя працоўнага працэсу»

У кіраўніцтве кампаніі масавыя звальненні аргументуюць «аптымізацыяй працоўнага працэсу і змяншэннем выдаткаў прадпрыемства».

«„Хімвалакно“ — стратнае і трымаецца на датацыях. Абсталяванне старое і вымагае мадэрнізацыі. Нямала цэхаў пустуюць, — кажа пра сітуацыю на прадпрыемстве адзін з менеджэраў. — Пасля разгрому, які наладзіў Лукашэнка ў Воршы, кіраўніцтва „Хімвалакна“ занепакоена, што ён прыедзе і сюды, таму ўзялося наводзіць парадак. Фарбуюць будынкі на тэрыторыі, выкошваюць траву».

Паводле суразмоўцы, да сярэдзіны 1990-х гадоў на «Хімвалакне» разам з работнікамі сацыяльнай сферы працавала 25 тысяч чалавек. Цяпер у пяць разоў менш.

«Канкрэтных лічбаў яшчэ няма, — сказаў “Свабодзе” прадстаўнік заводскай адміністрацыі. — Але, безумоўна, аптымізацыя колькаснага складу мусіць адбывацца не на шкоду вытворчасці і задачам, якія стаяць перад прадпрыемствам».

 

«Белнафтахім»: разглядаюцца магчымасці

У канцэрне «Белнафтахім», у які ўваходзіць магілёўскае прадпрыемства, настойваюць, што канчатковага рашэння пра звальненні няма, а толькі «разглядаюцца магчымасці».

«Там сёлета завяршаецца вялікі праект аднаўлення магутнасцяў, і, зразумела, будуць пэўныя перастаноўкі. Магчыма, са старой вытворчасці людзі пяройдуць на новую», — сказала Свабодзе прадстаўніца канцэрну Марыя Касцючэнка.

Паводле яе, інфармацыя пра змены бліжэйшым часам будзе паведамленая калектыву.

 

Лукашэнка: «Нікога нельга крыўдзіць»

У 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў бізнес-план развіцця магілёўскага прадпрыемства. Тады гаворка ішла пра інвестыцыі ў 208 мільёнаў еўраў. Ён паабяцаў, што ў 2020 годзе «Хімвалакно» будзе «абсалютна новым прадпрыемствам», з запатрабаванай прадукцыяй на рынку.

«Кіраўніку (Пятру Рудніку, РС) сказана, што з „Хімвалакна“ не павінен быць выкінуты на вуліцу ніводзін чалавек, які хоча працаваць. Толькі калі чалавек выходзіць на пенсію натуральным чынам. Але нікога нельга пакрыўдзіць», — запэўніваў калектыў Лукашэнка.

 

Як ратавалі «Хімвалакно» раней

Аб праблемах лідара магілёўскай прамысловасці ўпершыню публічна было заяўлена ў траўні 2010 года. Тады прызналі, што прадпрыемству не хапала сыравіны, якую пастаўлялі з Расіі. Дзеянні расійскага боку ацэньваліся як парушэнне міжурадавых пагадненняў. Спецыялісты адзначалі, што пасля распаду Савецкага Саюзу «Хімвалакно» доўгі час заставалася закладнікам старых эканамічных сувязяў.

У канцы 2014 году за правал мадэрнізацыі звольнілі генеральнага дырэктара «Хімвалакна» Сяргея Пузевіча. Тады адзначалася, што ў прадпрыемства ўклалі 200 мільёнаў даляраў, але гэта не паўплывала на ягоную працу.

Замест Пузевіча прызначылі былога кіраўніка Магілёўскай вобласці Пятра Рудніка. Яму даручалася вывесці прадпрыемства з заняпаду. У адным з першых сваіх інтэрв’ю ён адзначыў, што найгалоўнейшая задача — выбавіць прадпрыемства ад татальнай сыравіннай залежнасці.

Акцыянернае таварыства «Магілёўхімвалакно» — буйны вытворца хімічных паўфабрыкатаў, а таксама поліэфірных валокнаў і нітак. Прадукцыю пастаўляе ў 27 краінаў. Асноўны рынак збыту — Расея. Пабудавалі прадпрыемства 45 гадоў таму.

У 1997 годзе прадпрыемства падпала пад антыдэмпінгавыя санкцыі Еўракамісіі. Іх скасавалі ў 2007-м.

 www.svaboda.org