На каго працуе беларускі ўрад?

Тое, што сёння адбываецца ў эканоміцы, наводзіць на думку, ці не рыхтуецца ўрад для чарговай канфіскацыі грашовых набыткаў насельніцтва, як гэта было два гады таму.



ea81a3d20bf98ef2c9bef9dc24ec777a.jpg

Ёсць і канкрэтныя рэчы, якія сведчаць пра пагрозу чарговай дэвальвацыі рубля. Бо апошняе змяншэнне вартасці беларускай грашовай адзінкі прынесла толькі часовую палёгку народнай гаспадарцы. Так, дэвальвацыя паспрыяла росту экспарту, але не закранула сталую тэндэнцыю ў знешнім гандлі. Тэмпы больш хуткага падвышэння імпарту над экспартам аднавіліся.

Заканамерна аднавілася і тэндэнцыя падвышэння складскіх запасаў гатовай прадукцыі большасці галін прамысловасці. Па стану на 1 чэрвеня складскія запасы, значную частку якіх трэба адносіць на неліквіднасць, складаюць больш за 80% сярэднямесячнага аб’ему вытворчасці. На гэту ж дату мінулага года запасы нерэалізаванай прадукцыі перавышалі палову сярэднямесячнага аб’ему вытворчасці, што таксама лічылася зашмат. Але ўжо тады крытычнага стану дасягнула лёгкая прамысловасць: складскія запасы швейнікаў дасягнулі 154%, а краўцоў — 243% сярэднямесячнага памеру вытворчасці.

Здаецца, усе разумеюць — далей так жыць нельга. Бо не можа існаваць і працаваць эканоміка, якая не мае жывых грошай, якія прадпрыемствы павінны атрымліваць ад рэалізацыі прадукцыі. Зразумела, дзяржава мае магчымасць спрыяць эканоміцы, але не здолее ўзяць на сябе фінансаванне ўсіх актуальна і патэнцыяльна стратных прадпрыемстваў. Фінансаваць, канешне, можна. Але гэта прывядзе краіну і народ да жабрацкай торбы.

Прыкладам, колькі ні ратавалі камвольны камбінат, дывановыя фабрыкі, ніякай рады не змаглі даць. Людзі на гэтых прадпрыемствах не працуюць, а пакутуюць. Колькі дырэктараў павыганялі, колькі бухгалтараў ці пасадзілі, ці пагражалі пасадзіць (нават абяцалі галовы паадрываць), але ўсе і ўсё захаваліся «пры сваіх». Як паведаміў Белстат, складскія запасы тэкстыльшчыкаў падняліся амаль да двух сярэднямесячных аб’ёмаў вытворчасці, а краўцоў — да трох.

У свой час улады не здолелі правесці прагматычную працэдуру прыватызацыі лепшых і буйнейшых прадпрыемстваў, якімі тады цікавіліся інвестары. А зараз гэту «беларускую крэпасць» возьмуць голымі рукамі. Дакладней, згодна з усходняй прымаўкай: калі цярпліва пасядзець на беразе ракі, то можна ўбачыць, як па цячэнні праплывае цела ворага.

Вось з’ездзіў Лукашэнка з афіцыйным візітам у КНР. Сустрэўся з лідарамі гэтай адзінай камуністычнай імперыі ў свеце. Зразумела, палітыкі сказалі добрыя словы пра сяброўства і супрацоўніцтва дзвюх краін. Але абавязкова ўзнікне «бухгалтарскае пытанне». Лукашэнку давядзецца зрабіць справаздачу наконт таго, як былі выкарыстаны кітайскія крэдыты і, амаль відавочна, папрасіць новых.

Адзначым, што раней крэдыты былы звязанымі, гэта значыць выдаваліся пад закупкі кітайскіх тавараў і паслуг. Можна лічыць, што «жывых юаняў» ніхто не атрымаў. Фірмы-імпарцёры завезлі кітайскія тавары ў беларускія крамы, а кітайскі банк залічыў беларускія рублі ў якасці разліковых рэсурсаў. На льготных умовах, якія дапамагаюць губляць астаткі канкурэнтаздольнасці беларускім прадпрыемствам.

Раней ужо згубілі вытворчасць фотаапаратуры, потым радыёпрыёмнікаў і (амаль ужо) тэлевізараў, паставілі крыж на канверсійных праграмах у былым ВПК, збанкрутавалі лёгкую прамысловасць, на чаргу да банкруцтва пастаўлены машынабудаванне, электронная, мэблевая прамысловасці.

Як адзначаюць спецыялісты, беларускія ўлады не маюць агульнага плана па ратаванні эканомікі ад крызісу. На мой погляд, такі план ёсць, але ён скіраваны не на аздараўленне беларускай прамысловасці, а на давядзенне яе да поўнага банкруцтва. Калі ўрад адкрывае рынак для імпарцёраў, ён стымулюе канкурэнтаздольнасць айчынных вытворцаў. А калі атрымлівае звязаны крэдыт на льготных умовах, то дзейнічае ў інтарэсах канкурэнтнай краіны. І гэта аксіёма. Таму хацелася б усё ж даведацца, інтарэсы якой дзяржавы бесперапынна прасоўваюць нашы ўлады? І на каго працуе наш урад?