На Кубу будзе пастаўляцца беларуская малочная прадукцыя
Куба і Беларусь значна павялічылі ўзаемны тавараабарот, заявіў надзвычайны і паўнамоцны пасол Кубы Альфрэда Н'евес Партуонда 30 мая падчас рабочага візіту ў Магілёў.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Кубы Альфрэда Н'евес Партуонда. Фота telegraf.by
Так, паводле яго слоў, у 2012 годзе тавараабарот склаў 110 млн. долараў ЗША. У 2011 годзе ён складаў 50 млн. долараў, а яшчэ годам раней — 20–25 млн.
"Ад вас Куба імпартуе шмат трактароў. Толькі што атрымалі прыкладна 200 трактароў. Мы купілі ў вас больш як чатыры гады таму аўтобусы, але для ўсіх аўтобусаў патрэбны запасныя часткі.
Цяпер купляем запасныя часткі для аўтобусаў. Таксама купілі некалькі аўтамабіляў "БелАЗ", — паведаміў пасол. Паводле яго сцвярджэння, ужо падпісаны дагавор з
Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання аб пастаўцы на Кубу малочнай прадукцыі з Беларусі.
Альфрэда Н'евес Партуонда адзначыў, што Беларусь купляе ў Кубы цукар, ром. Астраўная дзяржава хацела б павялічыць пастаўкі ў Беларусь трапічнай садавіны, напояў, сокаў,
прадукцыі для медыцынскіх патрэб.
Кубінская дэлегацыя наведала шэраг магілёўскіх прадпрыемстваў, у прыватнасці ААТ "Магатэкс". "Вы — краіна, якая развівае тэкстыльную індустрыю. Хочам усё
паглядзець, атрымаць інфармацыю і перадаць яе на Кубу. Таму хочам пагутарыць з кіраўніцтвам прадпрыемства", — сказаў пасол журналістам.
У свой першы візіт у Магілёў у верасні 2012 года Альфрэда Н'евес Партуонда і прадстаўнік Міністэрства прамысловасці і чорнай металургіі Кубы Мігель Анхель Брочэ наведалі
прадпрыемства "Магілёўліфтмаш". Зараз, паводле слоў пасла, прапрацоўваецца магчымасць стварэння сумеснай кубінска-беларускай вытворчасці па зборцы на востраве магілёўскіх ліфтаў.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН