Нацбанк аднавіў ліцэнзію «БСБ Банка» на аперацыі з фізічнымі асобамі

Нацыянальны банк аднавіў ліцэнзійныя паўнамоцтвы ЗАТ "БСБ Банк" на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый з фізічнымі асобамі.

042e6ea0_b94a_41e7_b255_0bab273b597e_w1023_r1_s.jpg

Такое рашэнне прынята праўленнем галоўнага банка краіны 18 жніўня "з улікам праведзенай ЗАТ БСБ Банк" працы па ліквідацыі выяўленых у ходзе праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці і на падставе заявы банка".

У прыватнасці, як паведамляе Нацбанк, з 18 жніўня пералік банкаўскіх аперацый, указаны ў выдадзенай ЗАТ "БСБ Банк" ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, дапоўнены наступнымі: прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты); адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб; выдача каштоўных папер, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб ва ўклады (дэпазіты), і размяшчэнне іх на рахункі; выпуск у абарачэнне (эмісія) банкаўскіх плацежных картак фізічных асоб; давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі фізічных асоб.

Пры гэтым, згодна з рашэннем рэгулятара, ЗАТ "БСБ Банк" неабходна забяспечыць "эфектыўнае функцыянаванне сістэм унутранага кантролю (у частцы выяўлення і спынення падазроных фінансавых аперацый) і карпаратыўнага кіравання (у прыватнасці, выключэнне ўмоў узнікнення канфлікту інтарэсаў)".

Нацбанкам будзе працягнуты маніторынг мер, якія прымаюцца ЗАТ "БСБ Банк" па выкананні гэтых рашэнняў, гаворыцца ў паведамленні.

Ліцэнзія на працу з дэпазітамі фізічных асоб была адкліканая рэгулятарам у "БСБ Банка" ў чэрвені гэтага года "з улікам выяўленых у ходзе праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці". Пры гэтым Нацбанк не канкрэтызаваў, з чым яны звязаныя. "БСБ Банк" выказаў здзіўленне "жорсткасцю прынятага рашэння" і заявіў, што водзыў ліцэнзіі не адпавядае характару выяўленых парушэнняў.

За 10 дзён (з 16 па 25 чэрвеня) "БСБ Банк" з 55 млн рублёў, якія належаць фізічным асобам, вярнуў кліентам каля 52 млн рублёў. "На жаль, не ўсе змаглі прыйсці ў банк па грошы да гэтай даты, і на рахунках фізічных асоб у банку засталося каля 3 млн рублёў", — канстатаваў "БСБ Банк".

З 26 чэрвеня абавязацельствы па кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых ЗАТ "БСБ Банк", перайшлі да дзяржаўнага Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб.

Паводле звестак БелаПАН, месяц таму, падчас сустрэчы з групай эканамістаў, прадстаўнікі Нацбанка растлумачылі, што ў камерцыйнага банка з 2009 года выяўляліся парушэнні Банкаўскага кодэкса. У ходзе апошняй праверкі было зафіксавана парушэнне 109-га артыкула кодэкса (у ім пералічаныя патрабаванні да арганізацыі карпаратыўнага кіравання банкам, унутранага кантролю і кіравання рызыкамі). Акрамя гэтага, у цэнтральнага банка існаваў яшчэ шэраг "структурных пытанняў" да камерцыйнага банку, якім трэба было даць прававую ацэнку.

У адпаведнасці з рашэннем агульнага сходу акцыянераў ЗАТ "БСБ Банк", 4 жніўня 2017 года ў органы яго кіравання ўвайшлі былыя кіруючыя работнікі Нацбанка Сяргей Дубкоў і Надзея Ермакова.

ЗАТ "Беларуска-швейцарскі банк "БСБ Банк" па памеры актываў на 1 ліпеня 2017 года займае 17-е месца ў банкаўскай сістэме Беларусі (доля актываў банка ў банкаўскай сістэме — 0,4%). Нарматыўны капітал "БСБ Банка" на гэтую дату склаў 56,6 млн рублёў.

"БСБ Банк" ажыццяўляе сваю дзейнасць на беларускім рынку банкаўскіх паслуг з 7 кастрычніка 2002 года. Заснавальнікамі з'яўляюцца тры швейцарскія акцыянерныя таварыствы: Swiss Investment Century, Alpin Professional Investment і Profinvest Professional and Financial Investment. Інфраструктура "БСБ Банка" ўключае 10 аддзяленняў у Мінску, прадстаўніцтва ў Бабруйску, больш за 30 пунктаў абмену валют, а таксама сетку ўласных і партнёрскіх банкаматаў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН