Нацбанк просіць банкі падключыцца да расійскага аналага SWIFT
Некаторыя беларускія банкі на гэтым тыдні атрымалі ад Нацбанка ліст з просьбай забяспечыць падключэнне да расійскай сістэмы «Сервіс-бюро СПФС» — гэта расійская сістэма перадачы фінансавых паведамленняў, аналаг міжнароднай сістэмы SWIFT. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі крыніцы ў банкаўскай сферы.
Праз SWIFT па змоўчанні працуюць амаль усе банкі света, з яго дапамогай адбываюцца транзакцыі між банкамі ў вядучых валютах.
Адключэнне SWIFT — гэта адна з імаверных, але не асабліва рэальных санкцый, пра якія гавораць праціўнікі рэжыму Лукашэнкі.
«У выпадку калі нейкія беларускія банкі трапяць пад санкцыі, якія абмяжоўваюць іх доступ да міжнародных сістэм пераводаў, яны змогуць наладзіць плацяжы праз банкі Расіі», — лічыць эканамістка Кацярына Барнукова, якую мы папрасілі пракаментаваць ініцыятыву рэгулятара.
У самім Нацбанку «Нашай Ніве» адказалі, што ў Беларусі засталося яшчэ некалькі непадключаных да СПСФ банкаў.
«Сервіс-бюро перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі на базе ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр», якое створана для аказання банкам і небанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям паслуг па перадачы фінансавых паведамленняў фармата SWIFT нерэзідэнтамі Беларусі, створана і ўведзена ў прамысловую эксплуатацыю з 29 лістапада 2019 года.
На гэты момант 7 беларусіх банкаў ужо з'яўляюцца карыстальнікамі «Сервіс-бюро СПФС», 5 банкаў — на заключным этапе падключэння. Астатнія банкі разглядаюць магчымасці і ажыццяўляюць ацэнку ўнутраных рэсурсаў і гатоўнасці сваіх сістэм для падключэння да «Сервіс-бюро СПФС», — сказалі «Нашай Ніве» у прэс-службе Нацбанка.
nn.by