Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання
У Беларусі з 13 сакавіка на 1,5% да 28,5% зніжаецца стаўка рэфінансавання. Адпаведную пастанову № 146 праўленне Нацыянальнага банка прыняло 11 сакавіка.
Як адзначылі ў Нацбанку, запаволенне інфляцыйных працэсаў, якое склалася ў лютым і прагназуецца далей, "дае падставы для паступовага зніжэння намінальнага значэння стаўкі рэфінансавання з захаваннем яе дадатнага рэальнага ўзроўню".
У галоўным банку краіны падкрэслілі, што "тым самым па-ранейшаму захоўваюцца прывабныя ўмовы для зберажэнняў у беларускіх рублях, якія забяспечваюць іх надзейную абарону ад інфляцыі і перавышэнне даходнасці ў параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце".
Як паведамляў “Тэлеграф”, у снежні 2012 года першы намеснік старшыні праўлення НББ Юры Алымаў заявіў, што "пры замацаванні станоўчых тэндэнцый у
эканоміцы стаўка рэфінансавання да канца 2013 года можа знізіцца да 13–15% гадавых".