НАУ просіць ЗША закрыць Лукашэнку доступ да крэдытаў МВФ
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) накіравала ў Кангрэс ЗША ліст, у якім сфармулявала шэраг санкцый, увядзенне якіх, як мяркуецца, зможа паўплываць на рэжым Лукашэнкі. Пасланне адрасаванае нядаўна створанай групе «Сябры Беларусі» Кангрэса ЗША

Як паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на кіраўніка НАУ Паўла Латушку, у лісце агучваюцца прапановы:
- закрыць для Лукашэнкі доступ да крэдытаў МВФ;
- выключыць кіраўніка Нацбанка Беларусі Паўла Калаўра і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава з Рады кіраўнікоў МВФ;
- замарозіць карэспандэнцкія рахункі дзяржаўных банкаў Беларусі;
- накласці санкцыі на Мазырскі НПЗ і «Беларуськалій», а таксама далучыцца да сектаральных санкцый ЕС і пашырыць іх;
- блакаваць спробы ўхілення ад санкцый, у тым ліку за кошт Расіі.
Пра стварэнне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША групы «Сябры Беларусі» стала вядома на мінулым тыдні. У кокус увайшлі кангрэсмены Біл Кіцінг, Марсі Каптур (прадстаўнікі дэмакратычнай партыі), Крыс Сміт і Джо Уілсан (з Рэспубліканскай партыі). Мяркуецца, што на гэтым тыдні з чальцамі кокуса сустрэнецца Святлана Ціханоўская.
Пра гатоўнасць ЗША пашыраць санкцыі супраць Беларусі напярэдадні заявілі ў Белым доме і ў Сенаце.